У абвешчанай у 1995 г. энцыкліцы «Evangelium Vitaе» Ян Павел ІІ піша: «Прапаную (...) каб штогод у кожнай краіне адзначаўся Дзень жыцця (...). Яго асноўнай мэтай з’яўляецца абуджэнне ў сумленні, у сем’ях, у Касцёле і свецкім грамадстве чуласці да сэнсу і каштоўнасці чалавечага жыцця ў кожны момант і кожнай якасці».
Гэты дзень — выключная нагода да падзякі і роздуму аб жыцці, якім мы былі адораны, каб скласці ўдзячнасць Богу і ахвяраваць малітву ў інтэнцыі дзяцей, якія яшчэ не нарадзіліся і жыццю якіх пагражае небяспека.
Таксама ў гэты дзень найбольш урачыстым чынам можна прыняць абавязак духоўнага ўсынаўлення дзіцяці, жыццё якога пад пагрозай.
«Духоўнае ўсынаўленне» — абяцанне, да якога абавязуецца чалавек праз малітву за жыццё дзіцяці, якое знаходзіцца ва ўлонні маці, імя якога вядома толькі Богу і чыё жыццё пад пагрозай, і за яго бацькоў.
Сутнасць духоўнага ўсынаўлення — штодзённая малітва на працягу 9 месяцаў, бо столькі дзіця знаходзіцца ва ўлонні маці.
Да духоўнага ўсынаўлення заахвочвае Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі: «Заахвочваем да гэтай малітвы найперш святароў і законных асобаў. Ваша пастава і прыклад паказвае вернікам, якім чынам паступаць. Няхай гэтае сведчанне будзе відавочным асабліва зараз, калі перажываем Год кансэкраванага жыцця, абвешчаны Папам Францішкам. Просім таксама, каб як мага большая колькасць вернікаў і людзей добрай волі далучылася да гэтай формы малітвы за дзіцячае жыццё, якое знаходзіцца пад пагрозай пад сэрцам маці».
Штодзённая малітва духоўнага ўсынаўлення
Пане Езу, праз заступніцтва Марыі, Маці Тваёй, якая нарадзіла Цябе з любоўю, а таксама праз заступніцтва св. Юзафа, чалавека даверу, які апекаваўся Табою пасля народзінаў, прашу Цябе ў інтэнцыі гэтага не-народжанага дзіцяці, якое духоўна хачу ўсынавіць і якое знаходзіцца ў небяспецы аборту. Прашу, дай яго бацькам любоў і адвагу, каб яны не забівалі свайго дзіцяці, а пакінулі яму жыццё, якое Ты сам гэтаму дзіцяці прадвызначыў. Амэн.
Крыніца: http://catholic.by