Зразумець яго глыбокае значэнне, паводле Папы, дапамагае евангельская прыпавесць пра сейбіта: зерне, кінутае ім, дало плён толькі на добрай глебе. “Як сам Езус тлумачыў сваім вучням, гэты сейбіт прадстаўляе Айца, які шчодра сеяў зерне Божага слова. Зерне, аднак, часта сутыкаецца з сухасцю нашага сэрца, і нават, калі прымаецца, рызыкуе застацца бясплённым. Аднак праз дар мужнасці Святы Дух вызваляе глебу нашага сэрца, вызваляе яе ад здранцвення, няўпэўненасці і ўсіх страхаў, якія могуць яго стрымліваць. І так Божае слова мы можам рэалізаваць на практыцы, сапраўдным і радасным чынам”, - сказаў Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што дар мужнасці асабліва яскрава і ўзорна праяўляецца ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях, нагадаў пра прыклад шматлікіх мучанікаў, якія і сёння працягваюць без страху сведчыць аб сваёй веры, нават плацячы за гэта самы вялікі кошт. “Падумаем таксама пра людзей, якія маюць цяжкае жыццё, змагаюцца дзеля сваіх сем’яў, выхавання дзяцей. І робяць гэта таму, што дух мужнасці ім дапамагае. Колькі людзей, імёны якіх мы не ведаем, робяць гонар нашаму народу, нашаму Касцёлу сваёй мужнасцю: мужнасцю ў жыцці, сям’і, працы, веры. Гэтыя нашы браты і сёстры – святыя, святыя штодзённасці, схаваныя святыя сярод нас. Яны карыстаюцца дарам мужнасці ў выкананні сваіх абавязкаў: як людзі, бацькі, маці, браты, сёстры, грамадзяне”, - сказаў Папа.
Пантыфік заклікаў памятаць, што дар мужнасці неабходны не толькі ў пэўных своеасаблівых і складаных абставінах; ім трэба карыстацца ў штодзённасці – ён павінен быць фонам нашага быцця хрысціянамі. Паводле Святога Айца, Бог заўсёды дае неабходныя сілы, і трэба памятаць пра гэта.
“Дарагія сябры, часам мы можам сустракацца са спакусай ляноты ці яшчэ горш – роспачы, асабліва перад абліччам жыццёвых цяжкасцяў і выпрабаванняў. У гэтых выпадках не будзем падаць духам, але паклічам Святога Духа, каб дарам мужнасці ўзняў нашы сэрцы і перадаў сілу і энтузіязм нашаму жыццю і наследванню Езуса”, - заклікаў Папа.
На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, вітаючы пілігрымаў з розных краін свету, Пантыфік звярнуўся да вялікай дэлегацыі, якая прыбыла з італьянскай Сардзініі. Папа адзначыў, што мае добрыя ўспаміны пра мінулагодні візіт на гэты востраў, і падкрэсліў, што памятае пра цяжкія праблемы мясцовых вернікаў і абяцае сваю духоўную блізкасць.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё