У Старым Запавеце слова “грэх” тлумачыцца як неразумнасць; нязгоднасць з праўдай. Грэх – гэта падман. Перш, чым хтосьці наважыцца на грэх, ён аказваецца ўнутрана падманутым.
Падман унутрана пераконвае, што гэта добра, што так павінна быць, што так трэба. Перш, чым хтосьці кагосьці абкрадзе, ён гаворыць сабе, што ён пакрыўджаны, што нехта мае шмат, а ён бедны, што багатыя не даведаюцца. А на самой справе, гэта нехта ўзбагаціўся на людскіх пакутах. Кожны грэх – гэта падман сэрца.
У час Вялікага посту трэба вярнуцца да праўды, г.зн. навярнуцца. Малітва, пост, міласціна, суцішэнне, разважанне мукі Езуса Хрыста – гэта сродкі, якія дапамагаюць нам адкінуць наш падман, нашу двудушнасць, наш грэх і ўвайсці на дарогу праўды.
Старая рымская прыказка кажа: “Сябе перамагчы – самая вялікая перамога”. Ці здольныя мы самастойна перамагчы наш грэх? Нашу ілжывасць? Без Божай ласкі, без Божай дапамогі мы не пераможам самі сябе. “Сябе перамагчы – самая вялікая перамога”. Для таго, каб мы перамагалі сябе наш Айцец Нябесны пасылае на зямлю прарокаў, пасылае Езуса, пасылае святых. А навошта Ён іх пасылае? Каб яны здзяйснялі цуды? Не! Каб прадказвалі будучыню? Не! Бог пасылае іх для таго, каб яны абвяшчалі Божае слова. Каб прыгадвалі пра праўду, заклікалі да навяртання. Каб называлі рэчы сваімі імёнамі. Чаму свет ненавідзіць прарокаў, людзей, якія заклікаюць да праўды? Бо людзі больш любяць падман, грэх і асабістыя інтарэсы, чым праўду.
Хто я? Ксёндз, бацька, маці? Чаго Бог ад мяне чакае? Чаго людзі ад мяне чакаюць? Я бацька? Якое маё заданне? Я маці? Якое маё заданне? Я ксёндз? Якое маё заданне? Я дзіця? Якое я маю заданне перад сваімі бацькамі?
У Папяльцовую сераду мы чулі словы: “Памятай, што ты – прах, і ў прах вернешся”. Усё, што ў нас ёсць, некалі ператворыцца ў прах. Нашы аўтамабілі, камп’ютары мабільныя тэлефоны, наша мэбля, наша адзенне, наша цела, пра якія мы так клапоцімся, нашы дыпломы, кніжкі, якія мы пішам, ператворацца ў прах. Усё апынецца на сметніку.
Што такое Вялікі пост? Вялікі пост – гэта ўваход на дарогу праўды. Давайце пасыплем нашы галовы попелам з камп’ютараў, касметыкі, марнай прэсы, увесь час нямоднага адзення, фільмаў, якія мы глядзім па прывычцы...
Давайце ўвойдзем на дарогу праўды!
Давайце паглядзім, што з’яўляецца самай вялікай слабасцю нашага жыцця.
– Замыканне ў сабе?
– Адыход ад Бога? Сужэнца? Сям’і?
– Нашыя схільнасці і прывязанасці?
– Пачуцці і эмацыйная сфера (пачуцці і эмоцыі засланяюць наш розум)?
– Кіраванне пачуццямі?
– Магчыма, прыемнасці з’яўляюцца мэтай нашага жыцця?
Чытаем, што д’ябал пачаў спакушаць Езуса толькі тады, калі Настаўнік з Назарэта пасля 40 дзён адчуў голад. Злы атакуе нас, калі надыходзіць момант аслаблення. Д’ябал часцей за ўсё атакуе наша самае слабое месца. Св. Ігнацый Лаёла падаў такі прыклад: “Злы як камандзір, які павінен захапіць замак. Ён са сваім войскам размяшчаецца лагерам вакол замка, дакладна вывучае яго стан і з усёй сілы ўдарае ў самае слабое месца крэпасці”. Для нас гэта падказка, каб мы адкрылі нашыя слабыя месцы (г.зн. тое, у якіх сітуацыях мы часцей за ўсё грашым). Эмоцыі і пачуцці засланяюць нам розум. Фізічная і псіхічная стомленасць паслабляе нашу волю.
Мы робім пастанову на Вялікі пост. Якой яна павінна быць? Яна павінна быць накіравана супраць нашых слабасцей. Павінна быць сапраўднай і выніковай.
Давайце ўявім сабе: у нашай кватэры са столі цячэ вада. Што робіць мудры чалавек? Ён адразу ж ліквідуе прычыну. Ён не гаворыць: “Потым, можа, перастане, трэба падставіць нейкую пасудзіну, у доме яшчэ не растуць грыбы, яшчэ не смярдзіць вільгаццю”. Мудры чалавек рэагуе ў тую ж хвіліну... не марудзіць, не адкладвае. Мудры чалавек шукае прычыну... рамантуе дах.
Вялікі пост – гэта рэакцыя на нашыя грахі. Вялікі пост – гэта ўваход на дарогу праўды. Гэтая задача вельмі цяжкая! Бо, магчыма, нашае сэрца, як тое поле, зарасло пустазеллем і кустамі. Мы загрувасцілі яго дарэмнымі, бязглуздымі і непатрэбнымі рэчамі. А можа, яны ўжо перайшлі ў статус зняволення? У час Влікага посту, сузіраючы змучанае аблічча Езуса Хрыста, трэба пакінуць усё тое, што не робіць нас лепшымі, што перашкаджае нашай еднасці з Богам.
Кс. Максім Бачарнікаў SCJ