^ Наверх
facebook

Сінод 2021-2023

Нашы сябры

 mkby3

kkbb

rvby

Среда, 11 Декабрь 2013 07:51

У нас адбылася першая раратняя Імша!

Автор 
Оцените материал
(2 голосов)

Сёння раніцай, у 6.30, ў нашай маленькай супольнасці адбылася незвычайная падзея – мы ўпершыню сабраліся разам на Рараты — адмысловыя святыя Імшы у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі ў перыяд Адвэнту.

Назва «Рараты» бярэ свой пачатак ад лацінскай песні «Rorate coeli desuper» («Дайце, нябёсы, росы з вышыняў»), якая спяваецца ў перыяд Адвэнту, звычайна на пачатку раратняй Імшы: чым для высахлай зямлі з’яўляецца раса, тым Хрыстус для тых, хто Яго чакае.

Традыцыйна Рараты адбываюцца перад усходам сонца. У касцёле пагашана святло, толькі гараць раратнія ліхтарыкі, якія прыносяць з сабою людзі, звычайна запаленымі, ідучы з дому ў святыню, асвятляючы змрок. Гэтая прыгожая сімволіка нагадвае нам пра неабходнасць збірання на працягу ўсяго Адвэнту добрых учынкаў, якія дапамогуць асвяціць змрок граху ў нашай душы, паказаць Езусу шлях да нашага сэрца.

Рараты асаблівым чынам нагадваюць нам пра Марыю, якая падобная да ранішняй зоркі, што апярэджвае ўсход сонца. Так і Марыя папярэдзіла прыход Езуса Хрыста — нашага Сонца і Святла ўсяго свету. У Беларусь раратняя Імша прыйшла з Захаду, дзе была вядома ўжо ў XIII ст. Падчас гэтай Імшы запальваюць дадатковую свечку, якая называецца раратняй і з’яўляецца сімвалам Апякункі перадкаляднага чакання — Марыі. Найсвяцейшая Дзева з’яўляецца не толькі Апякункай чакання, але перш за ўсё прыкладам чакання і прыпадабнення Богу. Раратка — сімвал Марыі, якая сярод змроку граху нясе свету Хрыста, праўдзівае Святло. Звычайна гэта свечка белага альбо светла-жоўтага колеру, перавязаная белай (ці блакітнай) стужкай і ўпрыгожаная зеленню ці ліліямі. У касцёлах раратку ставяць у сярэдзіну адвэнтавага вянка або пры алтары. Белая стужка на раратняй свечцы нагадвае праўду аб чысціні і Беззаганным Зачацці Марыі, а зеляніна — колер надзеі — гэта знак, што Марыя прынесла свету Надзею ўсіх часоў і пакаленняў. Ліліі і блакітная стужка традыцыйна сімвалізуюць саму Багародзіцу.

Раратняя святая Імша цэлебруецца ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі і з’яўляецца следствам урачыстасці Звеставання (якая святкавалася з даўніх часоў 18 снежня). Засяроджанне на Панне Марыі ў часе Адвэнту мае сваё важнае значэнне: дачка Ізраэля, Маці Езуса і Маці Касцёла вучыць нас сапраўднаму чуванню перад прыйсцем Бога. Яна разам са старазапаветным народам чакала прышэсця Месіі. Пасля звеставання, як будучая маці, цярпліва чакала ўзрастання новага Жыцця, якое прыносіць у свет збаўленне. Сёння, узятая на нябёсы, Багародзіца чакае разам з усім Касцёлам на зямлі і на небе другога прыйсця Суддзі справядлівага, узмацняючы Касцёл сваім заступніцтвам і апекаю.

Рараты — гэта падзяка Найсвяцейшай Панне Марыі за яе згоду стаць Маці Збаўцы. Раратняя Імша з’яўляецца знакам асаблівай прысутнасці Марыі падчас Адвэнту, бо менавіта яна чакала Збаўцу так, як ніхто іншы. Перажывала яна гэты час чакання як дачка Ізраэля, як Маці Езуса і як Маці Касцёла.

Шчыра дзякуем усім за ўдзел! Няхай Марыя – Зорка ранішняя – атуляе усіх сваёй матчынай апекай!

Прочитано 3132 раз

Наведвальнікі

6537273
Сёння
Учора
За тыдзень
Мінулы тыдзень
За месяц
Мінулы месяц
Усяго
392
5550
8040
6527896
8226
9690
6537273
Your IP: 18.97.9.174
Server Time: 2025-02-06 22:47:49
Счетчик joomla