«У гэтую першую нядзелю пасля Божага Нараджэння, калі мы яшчэ надалей жывём радаснай атмасферай святаў, Касцёл заклікае нас сузіраць Святую Сям’ю з Назарэта, — нагадаў Пантыфік. — Сённяшняе Евангелле гаворыць нам пра Панну Марыю і святога Юзафа ў хвіліну, калі яны праз сорак дзён пасля нараджэння Езуса ідуць у ерузалемскую святыню. Яны робяць гэта з-за рэлігійнай паслухмянасці Закону Майсея, які загадвае, каб першароднага сына прынесці ў ахвяру Пану.
Мы можам уявіць сабе гэтую маленькую сям’ю, сярод так шматлікіх людзей, у вялікіх дварах святыні. Яна не кідаецца ў вочы, не вылучаецца нічым... Яшчэ не заўважаецца! Двое пажылых людзей, Сімяон і Ганна, натхнёныя Святым Духам, падыходзяць і пачынаюць славіць Бога за тое Дзіця, у якім яны распазнаюць Месію, святло і збаўленне Ізраэля (Лк 2, 22-38). Гэта простае здарэнне, але багатае ў прароцтве: сустрэча маладой пары, якая поўная радасці і веры з-за ласкаў Пана; а таксама дзвюх старэйшых асобаў, поўных радасці і веры дзеля дзеяння Святога Духа. Хто робіць тое, што яны сустракаюцца? Езус. Езус робіць тое, што сустракаюцца маладыя і пажылыя асобы. Езус — гэта Той, які збліжае розныя пакаленні. Ён крыніца той любові, якая аб’ядноўвае сем’і і людзей, які перамагае кожны недавер, кожную замкнутасць, кожную адлегласць. Гэта прымушае нас падумаць таксама пра нашых бабуль і дзядуляў: як важная іх прысутнасць! Як каштоўным з’яўляецца іх роля ў сям’і і ў грамадстве! Добрыя адносіны паміж маладымі і пажылымі людзьмі маюць вырашальнае значэнне для развіцця грамадзянскай і касцёльнай супольнасці. І, гледзячы на гэтых двух пажылых людзей, на Сімяона і Ганну, мы вітаем з гэтага месца, з апладысментамі, усіх бабуль і дзядуляў свету!
Пасланне, якое перадае Святая Сям’я, — гэта перш за ўсё пасланне веры. У сямейным жыцці Марыі і Юзафа Бог сапраўды знаходзіцца ў цэнтры, у асобе Езуса. Таму Сям’я з Назарэта святая. Чаму? Таму, што засяроджваецца на Езусе.
Калі бацькі і дзеці разам дыхаюць гэтай атмасферай веры, то яны атрымліваюць энергію, якая дазваляе ім перамагаць выпрабаванні, таксама цяжкія спробы, як паказвае досвед Святой Сям’і, напрыклад, у выпадку драматычнага ўцёку ў Егіпет, — гэта цяжкае выпрабаванне.
Дзіцятка Езус разам са сваёй Маці Марыяй і святым Юзафам з’яўляюцца простай, але празрыстай іконай сям’і. Святло, якое выпраменьваецца ад яе, — гэта святло міласэрнасці і збаўлення для ўсяго свету, святло ісціны для кожнага чалавека, для ўсёй чалавечай сям’і і для асобных сем’яў. Гэтае святло, якое зыходзіць ад Святой Сям’і, заахвочвае нас ахвяроўваць чалавечае цяпло ў гэтыя сямейныя сітуацыі, у якіх, па розных прычынах, не хапае спакою, не хапае гармоніі і не хапае прабачэння. Няхай наша канкрэтная салідарнасць праявіцца асабліва ў дачыненні да тых сем’яў, якія жывуць у найбольш складаных сітуацыях з-за хвароб, адсутнасці працы, дыскрымінацыі, неабходнасці эміграваць... У гэты момант мы спынімся на хвілінку, каб у маўчанні памаліцца за ўсе тыя сем’і, якія апынуліся ў цяжкасці, з-за хвароб, адсутнасці працы, дыскрымінацыі, неабходнасці эміграцыі, ці таксама з-за недахопу еднасці. У цішыні памолімся за ўсе гэтыя сем’і».
Пасля марыйнай малітвы Папа Францішак маліўся за пасажыраў малайскага самалёта, які знік без вестак, калі ляцеў з Інданэзіі ў Сінгапур, а таксама за пасажыраў судна, якое загінула ў Адрыятычным моры.
Крыніца: http://catholic.by