Ксёндз Вячаслаў Барок атрымаў прысуд 10 сутак... Гэта ўжо другі каталіцкі святар, які ў гэтыя дні будзе знаходзіцца за кратамі (30 лістапада 10 сутак арышту атрымаў грэка-каталіцкі святар айцец Віталь Быстроў).
Мы бачым актывізацыю рэпрэсій у дачыненні Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.
Мы адкрыта выступаем супраць кожнага граху, супраць насілля і гвалту, супраць хлусні і фальшу, супраць рэпрэсій, супраць ціску і запалохвання, супраць прыніжэння чалавечай годнасці, бо кожны чалавек створаны па вобразу і падабенству Божаму. Мы асаблівым чынам молімся аб супакоі, згодзе, салідарнасці і адзінстве беларускага народа. Аднак усё гэта хтосці лічыць праявай экстрэмізму, распальваннем варожасці і т.п.
Таму я заклікаю чарговы раз да ўзмацнення нашай малітвы за нашу Бацькаўшчыну, за наш народ, за тых людзей, якія знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах, за тых, каго звальняюць з працы за іх погляды, за тых, каго запалохваюць і шантажыруюць, за ўсіх церпячых і за тых, каму асабліва патрэбна наша малітоўная падтрымка.
Асабліва ў часе Адвэнту прашу да ўзмоцненай малітвы, па меры магчымасці і жадання, далучыць практыкі посту, напрыклад, ахвяраваць у гэтых інтэнцыях дадатковы пост не толькі ў пятніцу, але і ў іншы дзень.
Прашу па меры магчымасці ў кожным касцёле, кожнай капліцы публічна маліцца за ксяндза Вячаслава Барка і айца Віталя Быстрова і тлумачыць людзям пра сапраўдныя прычыны трымання гэтых святароў у вязніцах (рэпрэсіі, ціск, запалохванне, пераслед Касцёла за праўду і г.д.).
Дай нам, Божа, усім патрэбныя ласкі ў гэты нялёгкі час выпрабаванняў!