“Хрост, гэта “брама” веры і хрысціянскага жыцця. Ён з’яўляецца свайго роду пашпартам або пасведчаннем аб нараджэнні хрысціяніна для Касцёла, якое нельга дазволіць скрасці.
Дзень нашага хросту – гэта адпраўны пункт на цудоўным шляху, шляху да Бога, які працягваецца ўсё жыццё, шляху навяртання, які пастаянна падтрымліваецца сакрамэнтам споведзі. Падумайце аб гэтым: калі мы ідзём спавядацца з нашых слабасцяў, нашых грахоў, робім гэта, каб прасіць прабачэння ў Езуса, але таксама, каб абнавіць гэтым прабачэннем хрост, і гэта цудоўна. Гэта, як святкаваць у кожнай споведзі дзень свайго хросту. І так споведзь для нас з’яўляецца не сеансам у зале катаванняў, але святам для святкавання дня хросту. Споведзь – для ахрышчаных, каб захоўваць у чысціні белую вопратку нашай хрысціянскай годнасці!
Сакрамант хросту з’яўляецца духоўным пагружэннем у смерць Хрыста, праз якую мы ўваскрасаем разам з Ім, як новае стварэнне.
Гаворка ідзе пра купель перараджэння і асвятленнем. Перараджэння, таму што здзяйсняецца нараджэнне з вады і Духа, без якога ніхто не можа ўвайсці ў Валадарства нябеснае. Асвятленнем – таму што, праз хрост, чалавек напаўняецца ласкай Хрыста, “святлом праўдзівым, якое асвятляе кожнага чалавека” і праганяе цемру граху. Таму, падчас абраду хросту бацькам даецца запаленая свечка, на знак гэтага асвятлення. Хрост нас асвятляе знутры святлом Езуса. Сілай гэтага дару ахрышчаны пакліканы сам стаць “святлом”, святлом веры, якую атрымаў, святлом для братоў, асабліва тых, якія прабываюць у цемры і не бачаць проблескаў святла на гарызонце свайго жыцця.
Праз сакрамaнт хросту адпускаюцца, як грэх першародны, так і ўсе грахі асабістыя: адкрываецца брама новага жыцця, не абцяжаранага негатыўным мінулым, у якім УЖО адлюстроўваецца прыгажосць і дабро Валадарства нябеснага. Гаворка ідзе пра моцнае і міласэрнае ўмяшальніцтва Бога ў наша жыццё, для таго, каб нас збавіць. Але гэтае збаўчае ўмяшальніцтва не пазбаўляе нашу чалавечую прыроду яе слабасці; не пазбаўляе адказнасці за тое, каб прасіць прабачэння кожны раз, калі памыляемся! І гэта цудоўна! Я не магу быць ахрышчаным два, тры, чатыры разы, але магу пайсці да споведзі і такім чынам абнавіць ласку хросту”.
Папа Францішак, 13.11.2013
Паводле: http://be.radiovaticana.va.