^Наверх

Среда, 01 Апрель 2020 13:52

Святая Імша online - 01.04.2020

Автор 
Оцените материал
(0 голосов)

01.04.2020 – Серада V Тыдня Вялікага посту

Запрашаем далучыцца да супольнай малітвы праз інтэрнет-злучэнне. Пачатак трансляцыі а 18.00

 

Чытанні:Дан 3, 14–20. 91–92. 95; Пс Дан 3, 52. 53 і 54. 55 і 56. Ев.: Ян 8, 31–42

 

 

Штосераду мы просім заступніцтва Маці Божай у Бялыніцкай іконе.

 

Прапануем Вашай увазе некаторыя тэксты, якія дапамогуць удзелу у малітве.

 

Песня да Маці Божай - непасрэдна перад святой Імшой

1. Зямлі нашай Маці-Каралева,

Пад гук мальбы-Літаніі Святой

Глядзіш на нас, Бялыніцкая Дзева

І  бласлаўляеш край адвечны Твой.

2. Бязвер’я ноч мінула – зноў світае,

Ў народзе нашым блік жыцця не згас.

Над Магілёўскім краем сонцам ззяе

Надзеі знак – Бялыніцкі абраз.

3. Успомняць сцежкі пілігрымаў  крокі,

Успыхне памяць у народзе зноў.

Адкажуць рэхам белыя аблокі

Званам жывым Бялыніцкіх муроў.

4. Зямлі нашай Маці-Каралева,

Пад гук мальбы-Літаніі Святой

Зірні на нас, Бялыніцкая Дзева,

І блаславі народ адданы Твой.

 

Псальмодыя падчас Імшыь - замест акту пакаяння

1 ант. Вітай, Марыя, поўная ласкі, * Пан з Табою

Псальм 122 (121)

Узрадаваўся я, калі мне сказалі: *

«Пойдзем у дом Пана».

Вось стаяць нашыя ногі *

ў брамах тваіх, Ерузалем.

Ерузалем пабудаваны як горад, *

дзе ўсё злучана ў адно.

Туды ўзыходзяць пакаленні, пакаленні Пана, *

каб, паводле сведчання Ізраэля, праслаўляць імя Пана.

Там стаяць судовыя троны, *

троны дома Давіда.

Прасіце спакою для Ерузалема: *

«Няхай спакой маюць тыя, хто любіць Цябе.

Няхай будзе спакой у мурах Тваіх, *

дабрабыт у палацах Тваіх!»

Дзеля братоў маіх i бліжніх маіх *

скажу я: «Спакой табе!»

Дзеля дома Пана, Бога нашага, *

буду жадаць дабра табе.

Ант. Вітай, Марыя, поўная ласкі, * Пан з Табою.

 

2 ант. Вось я, слуга Пана. * Няхай мне станецца паводле Твайго слова.

Псальм 127 (126)

Калі Пан не будуе дом, *

то будаўнікі працуюць дарэмна.

Калі Пан не пільнуе горад, *

то вартаўнікі дарэмна чуваюць.

Дарэмна, што вы рана ўстаеце, *

позна кладзецеся i хлеб ясце гаротны,

бо свайму ўмілаванаму *

Ён дае гэта, калі той спіць.

Вось нашчадкі — спадчына ад Пана, *

а плод улоння — узнагарода.

Быццам стрэлы ў руцэ асілка, *

так сыны маладыя.

Шчаслівы той чалавек, *

які напоўніў імі свой калчан,

ён не будзе саромецца, *

калі будуць яны размаўляць з ворагам у браме.

Ант. Вось я, слуга Пана. * Няхай мне станецца паводле Твайго слова.

3 ант. Благаслаўлёная Ты між жанчынамі * i благаслаўлёны плод улоння Твайго.

Песня        Эф 1, 3-10

Благаслаўлёны Бог *

i Айцец Пана нашага Езуса Хрыста,

які благаславіў нас у Хрысце *

ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах

i выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, *

каб мы былі святымі i беззаганнымі перад Ім у любові.

Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення  праз Езуса Хрыста, *

паводле ўпадабання сваёй волі,

дзеля хвалы сваёй праслаўленай ласкі, *

якою Ён адарыў нас ва Умілаваным.

У Ім мы маем адкупленне Ягонаю Крывёю, *

дараванне правінаў, паводле багацця ласкі Ягонай,

якою шчодра адарыў нас *

ва ўсялякай мудрасці i разуменні,

дазволіўшы нам пазнаць таямніцу сваёй волі, *

паводле свайго ўпадабання, якое раней паклаў у Ім

          для спаўнення паўнаты часу,

каб аб'яднаць усё ў Хрысце: *

тое, што на нябёсах i на зямлі.

Ант. Благаслаўлёная Ты між жанчынамі * i благаслаўлёны плод улоння Твайго.

 

Просьбы – замест малітвы вернікаў

Узвялічым усемагутнага Бога Айца, які пажадаў, каб Марыю, Маці Ягонага Сына, праслаўлялі ўсе пакаленні. Пакорна просім Яго: Няхай поўная ласкі заступаецца за нас. (паўтараем пасля кожнага закліку)

Ты ўчыніў Марыю Маці Міласэрнасці,

— дай зведаць Яе мацярынскую любоў тым, хто ў небяспецы.

Ты пажадаў, каб у доме Езуса i Юзафа Марыя стала Маці сям'і,

— няхай праз Яе заступніцтва ўсе маці ў сем'ях падтрымліваюць любоў i святасць.

Ты ўмацаваў Марыю, калі Яна стаяла каля крыжа, i ў час уваскрасення Сына напоўніў Яе радасцю,

— дапамагай прыгнечаным i ўмацоўвай іхнюю надзею.

Ты ўчыніў Марыю паслухмянай Твайму слову i сваёю вернаю слугою,

— праз Яе заступніцтва ўчыні нас слугамі i вучнямі Твайго Сына.

Ты ўкаранаваў Марыю як Валадарку нябёсаў,

— учыні, каб памерлыя вечна цешыліся ў Твамі валадарстве разам ca святымі.

 

Магніфікат – падзяка пасля Святой Камуніі

Ант. да песні Марыі: Благаслаўлёная Ты, Марыя, бо паверыла; * няхай здзейсніцца сказанае Табе Панам.

Песня Марыі Лк 1, 46-55

Велічае душа мая Пана, *

i ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу,

бо глянуў Бог на пакору сваёй слугі. *

I цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні.

Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны, *

a імя Яго святое.

I міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне *

над тымі, хто Яго баіцца.

Паказаў моц сваёй правіцы, *

рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам.

Скінуў магутных з трона *

i ўзвысіў пакорных.

Дабром галодных насыціў, *

а багатых ні з чым адправіў.

Прыняў свайго слугу Ізраэля, *

памятаючы пра сваю міласэрнасць,

як абяцаў бацькам нашым, *

Абрагаму i яго патомству навекі.

Хвала Айцу. Як была спрадвеку.

Ант. да песні Марыі: Благаслаўлёная Ты, Марыя, бо паверыла; * няхай здзейсніцца сказанае Табе Панам.

 

Малітва – непасрэдна пасля Святой Імшы

О Марыя, Каралева Бялыніцкая, Якая так ласкава спаглядаеш на нас, з дзіцячым даверам спяшаемся да Цябе з нашымі просьбамі i патрэбамi. Узглянь на нас ласкава і выслухай нашы просьбы, прыйдзі да нас з дапамогай у шматлікіх нашых патрэбах. Найсвяцейшая Багародзіца, выпрасі нам у свайго Сына тую ласку, якой вельмі жадаем i якая нам так патрэбная. (агучваюцца інтэнцыі).

Просім Цябе, Маці Божая!(паўтараем пасля кожнага закліку)

За засмучаных, каб іх суцешыла, -

За хворых, каб выпрасіла для іх здароўе, -

За тых, хто плача, каб iм выцерла іх слёзы, -

За ўсіх ахвярадаўцаў нашай парафіі -

За бедных i патрабуючых, каб ім дапамагала, -

За тых, хто хістаецца, каб іх падтрымала ў добрым, -

Аб развіцці любові ў нашых сэрцах да цябе i Твайго Сына Езуса Хрыста -

Аб адраджэнні веры на Магілёўскай зямлі і вернасці Евангеллю Хрыстоваму, -

Аб сапраўднай свабодзе для людскіх сэрцаў, розума і Айчыны, -

Вітай, Марыя…

 

Дапамагай нам заўсёды!(паўтараем пасля кожнага закліку)

Маці Божая, -

Маці наша найлепшая,

Заступніца наша,

Скарбніца усялякіх ласкаў,

Трон міласэрнасці Божай,

Маці святой вытрымкі,

Умацаванне слабых,

Прытулак пакрыўджаных,

Надзея нашага Збаўлення,

Цудоўная лекарка ў хваробах,

Ратунак грэшнікаў,

Надзея тых, хто ў роспачы,

Выхавацельніца пакліканняў,

Настаўніца духоўнага жыцця,

Апякунка сем'яў,

Чулая маці сіротаў,

Сапраўдная дарога да неба.

Тваёй абароне…

 

Песня да Маці Божай Бялыніцкай – на заканчэнне

1. Каралева-Панна,

Просім, паспрыяй нам

На любой дарозе

У бядзе-трывозе.

2. Ветлая, святая -

Прыгажосцю ззяе:

Так Анёл нябесны

Вобраз Твой данёс нам,

3. Што ў нябесным ззянні

Ўсе мы бачым Панну.

На Іконе гэтай -

Каралева Свету.

4. Чыстую, Святую,

Люд Цябе шануе,

Бо ў кароне хочуць

Бачыць Цябе вочы.

5. Скарб жыцця святога,

Дадзены ад Бога

Вернай Беларусі -

Уладаркай будзь нам.

6. Пад Тваёй рукою

Жыць у супакоі

Ў Беларускім краі

Ты дазволь нам, Панна. Амэн.

 

 

 

Прочитано 203 раз Последнее изменение Среда, 01 Апрель 2020 14:15
Другие материалы в этой категории: « Трансляцыя святой Імшы online Святая Імша 02.04.2020 »

Наведвальнікі

5025949
Сёння
Учора
За тыдзень
Мінулы тыдзень
За месяц
Мінулы месяц
Усяго
71
395
3579
5019706
24775
132507
5025949
Your IP: 34.204.168.209
Server Time: 2020-05-30 02:21:36
Счетчик joomla

Нашы сябры

 mkby3

kkbb

rvby

3

  Copyright © 2020 Парафія Маці Божай Бялыніцкай г. Горкі  Усе правы абаронены.