^Наверх

Среда, 04 Апрель 2018 10:02

Пасланне Мітрапаліта на Пасху 2018

Автор 
Оцените материал
(0 голосов)

ПАСХА – ШЛЯХ У БУДУЧЫНЮ

Пастырскае Пасланне на Пасху 2018

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, людзі добрай волі!

 

1. Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

 

Гэтым пасхальным воклічам вітаю ўсіх вас у самае галоўнае свята хрысціянства — Пасху Хрыстову. Сёння мы засяроджваемся на вечна жывой і актуальнай праўдзе нашай веры аб уваскрасенні Хрыста. Нездарма св. апостал Павел вучыць, што, «калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера ваша марная» (1 Кар 15, 14). Таму ўваскрасенне Хрыста — гэта падмурак нашай веры.

 

Над уваходам у пусты Гроб Езуса ў Ерузалеме напісана: «Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго тут няма; Ён уваскрос» (Лк 24, 5-6). Гэтыя словы Святога Пісання з’яўляюцца вельмі важнымі і актуальнымі ў наш час, калі чалавецтва не ўпэўнена ў сваёй будучыні і занепакоена заўтрашнім днём, бо даюць новую надзею.

 

Мы з настальгіяй успамінаем тыя месцы, дзе нарадзіліся, правялі дзіцячыя гады і ўзрасталі, і, па меры магчымасці, стараемся іх наведваць. У такія моманты ў нашай памяці ўсплываюць падзеі нашага дзяцінства і маладосці. Сям’я, блізкія, знаёмыя, суседзі, школа, касцёл і г.д. Адначасова мы бачым, як шмат змянілася — гарады растуць, а вёскі выміраюць. Тады мы ўсведамляем, што мінулага нельга вярнуць, нельга павярнуць гадзіннік нашага жыцця назад.

 

2. Гэтую праўду вельмі добра зразумела Марыя Магдалена ў велікодную раніцу. Яна не хацела нічога іншага, як толькі вярнуцца ў былыя добрыя часы, як мы часта кажам, каб адчуваць сябе так, як быццам ніколі не было трагедыі жахлівай пятніцы з укрыжаваннем Езуса на Галгоце.

 

Калі яна спаткала Яго каля пустой магілы, то спачатку падумала, што гэта садоўнік. Аднак на слова Езуса «Марыя» яна адказала: «Раббуні!» (што азначае «Настаўнік!») (пар. Ян 20, 14-16). У яе голасе адчувалася надзея, што ланцуг жудасных падзей апошніх дзён нарэшце парваўся і яны сталі не чым іншым, як сном.

 

Ці можам мы цяпер перанесціся ў тыя часы, калі Езус навучаў на берагах Галілейскага возера, чыніў цуды, суцяшаў бедных? Ці можам павярнуць гадзіннік назад? Мы можам суперажываць Марыі Магдалене, але не можам затрымаць часу і павярнуць яго назад.

 

Навука і сучасныя тэхналогіі, калі не абяцаюць павярнуць час назад, то імкнуцца, прынамсі, яго запаволіць. Мы з’яўляемся часткай культуры, якая ўсімі магчымымі і немагчымымі спосабамі адкідвае смерць. Ва ўзросце пасля трыццаці мы ўсімі сіламі імкнёмся захаваць моладзевы выгляд і не паказваць, што старэем. Салоны амаладжэння становяцца ўсё больш папулярнымі. Акадэміі прыгажосці і касметалагічныя кабінеты паўстаюць як грыбы пасля дажджу. Аднак іх абяцанні не вырашаюць галоўнага, а менавіта не гарантуюць вечнага жыцця і шчасця.

 

Калі такія і падобныя сучасныя тэндэнцыі стараюцца затрымаць час, то Пасха вядзе нас наперад.

 

3. Пасха — па-габрэйску «Пэсах», што азначае «пераход». Габрэі святкавалі Пэсах на ўспамін цудоўнай ночы, калі яны пакінулі Егіпет — месца свайго рабства. Перад імі адкрыўся шлях у будучыню, у зямлю абяцаную.

 

Таксама і Пасха, якую мы святкуем ва ўспамін уваскрасення Хрыста, з’яўляецца святам не мінулага, але будучыні. Вялікдзень абвяшчае нам праўду аб тым, што будучыня мае сэнс, бо ёй валодае не хтосьці іншы, а ўваскрослы Хрыстус. Ён чакае нас не толькі ў небе, але і на зямлі, каб дапамагаць у гэтым жыцці.

 

Пасха не завяршылася ў хвіліну ўваскрасення Хрыста, але працягваецца і вядзе нас у порт нашага прызначэння, якім з’яўляецца краіна вечнага шчасця. Зямное жыццё чалавека — гэта не бясконцая спіраль, і яно мае свае завяршэнне. У той жа час уваскрослы Хрыстус нашу часовасць ператварае ў вечнасць.

 

Гэта і ёсць тая мэта, да якой вядзе нас Вялікдзень, ператвараючы цемру нашага жыцця ў ззяючыя нябесным святлом дні. Дзякуючы Пасхальнай таямніцы смерці і ўваскрасення Хрыста, у чым праявілася Яго бязмежная міласэрнасць, мы нарадзіліся да новага жыцця і атрымалі надзею вечнага. Таму праўда ўваскрасення змяніла свет і з безнадзейнасці дала яму надзею.

 

4. Адна гісторыя распавядае пра тое, як падчас пошукаў патанулай падводнай лодкі вадалаз нарэшце ўбачыў яе і пачаў хадзіць у сваім падкаваным жалезам абутку па яе корпусе. Знаходзячыся ў жалезнай магіле патанулай лодкі, маракі пачулі яго крокі і азбукай Морзэ спыталіся, ці ёсць надзея. Вадалаз адказаў: так, надзея іх выратаваць ёсць, — і маракі сапраўды былі выратаваны.

 

Гэта вобраз сучаснага свету, аб якім мы павінны памятаць, калі адзначаем свята Уваскрасення Езуса. Чалавецтва знаходзіцца ў жудаснай пастцы, як быццам у цёмнай магіле патанулай падводнай лодкі. У такой крытычнай сітуацыі яно чакае словаў надзеі.

 

Сучасны свет ніяк не можа выйсці з эканамічнага і фінансавага крызісаў. Яго скаланаюць палітычныя і сацыяльныя крызісы. З кожным днём нарастае міграцыйны крызіс. Многія краіны свету адмаўляюцца ад устаноўленага Богам інстытуту сям’і як адзінага і непарыўнага саюзу мужчыны і жанчыны, з мэтай нараджэння патомства і яго выхавання, і прапагандуюць гомасексуальныя саюзы з усімі правамі нармальнай сям’і. Божы дар жыцця становіцца таварам, ім можна гандляваць і маніпуляваць, яго можна беспакарана забіваць ва ўлонні маці. Тэрарыстычныя акты трымаюць у страху цэлыя народы, бо невядома, калі і дзе можа здарыцца бяда. Поўнамаштабная, а можа, нават і ядзерная, вайна зазірае нам у вочы. Нявырашаная праблема сацыяльнай справядлівасці вядзе да паўстання новых канфліктаў. Свет адмаўляецца ад традыцыйных маральных каштоўнасцяў і папулярызуе амаральныя, у выніку чаго наступае глабалізацыя грахоўнасці. Шмат людзей, асабліва маладых, шукае шчасця ў віртуальным жыцці, забываючыся аб тым, што яно прамінае, як туман, нярэдка пакідаючы пасля сябе роспач.

 

5. Гэтыя і многія іншыя анамаліі сучаснага свету сведчаць аб тым, што ён знаходзіцца ў тупіку, з якога не ведае, як выйсці. Чым больш ён адмаўляецца ад духоўных каштоўнасцяў, тым бліжэй знаходзіцца да прорвы, у якую можа ўпасці. Таму лагічна, што ён усё часцей задае пытанне: «Ці ёсць яшчэ надзея?»

 

Надзея ёсць, і яна ва ўваскрослым Езусе, бо Пасхальная таямніца змяняе свет, і мы маем магчымасць быць удзельнікамі гэтай станоўчай змены.

 

Першыя хрысціяне неслі на магілы сваіх блізкіх лаўровыя вянкі, якія старажытныя грэкі ўскладалі на галовы пераможцаў алімпійскіх гульняў. На пытанне, чаму яны так робяць, хрысціяне адказвалі, што ў Езусе Хрысце атрымалі перамогу над смерцю і жадаюць ёю жыць. Падобна і мы павінны паступаць, бо Пасха — гэта самая вялікая падзея ў гісторыі чалавецтва, дзякуючы якой Хрыстус, як Баранак Божы, вывеў яго з грахоўнага Егіпта і вядзе ў дом Нябеснага Айца.

 

6. Што для гэтага патрэбна?

Адказ дае сённяшняе свята Уваскрасення, калі літургія слова прадстаўляе гісторыю стварэння свету, яго падзення і аднаўлення, якое адбылося дзякуючы Пасхальнай таямніцы смерці і ўваскрасення Хрыста. Аднак, каб быць удзельнікамі гэтага аднаўлення, нам самім, як вучыць святы апостал Павел, неабходна жыць у Хрысце (пар. Рым 6, 4). Ці мы гатовы зрабіць гэты маленькі крок у напрамку Бога, каб жыць абноўленым жыццём?

 

Для гэтага найперш неабходна памятаць аб тым, што, будучы ўключанымі праз хрост у смерць і ўваскрасенне Хрыста, мы закліканы да таго, каб адкінуць старога чалавека, які канцэнтруецца выключна на самім сабе, стараецца падкрэсліць сваю пазіцыю ў грамадстве і імкнецца да ўлады, багацця і прыемнасцяў. Хрысціянін павінен быць тым, хто ўсведамляе, што ўсё, што ён мае, з’яўляецца Божым дарам і Ягонай ласкай, што яго жыццё кароткае, што ён слабы і грэшны. Аднак, нягледзячы на гэта, ён застаецца ўмілаваным дзіцём Божым. Усведамленне гэтага вызваляе з няволі эгаізму, з боязі не страціць сваёй сацыяльнай пазіцыі ў грамадстве і страху перад будучыняй.

 

Таму неабходна жыць ідэяй уваскрасення, бо мэта нашага зямнога жыцця — дасягнуць вечнага жыцця з Богам. Гэта азначае, што ўсе прывязанасці да часовай рэчаіснасці з’яўляюцца адноснымі, а не абсалютнымі. Наша задача — жыць згодна з Божым законам, што азначае быць новым, вызваленым з палону граху чалавекам.

 

Таксама неабходна пастаянна адкрываць у сабе прысутнасць уваскрослага Пана, які ёсць з намі ў Святым Пісанні, сакрамэнтах і дзейнасці Касцёла, і быць Яго сведкамі ў штодзённым жыцці. Перажываючы з радасцю і моцнай верай Пасхальную таямніцу, мы становімся натхненнем для іншых на іх жыццёвым шляху, вяртаем ім надзею і яе ўмацоўваем.

 

Адным словам кажучы, неабходна, каб, ідучы за ўваскрослым Хрыстом, мы сваім сапраўдным хрысціянскім сведчаннем заўсёды выказвалі нашу радасць і веру ва ўваскрасенне, якое вядзе ў шчаслівую будучыню.

 

7. Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

Віншую ўсіх вас са святам Пасхі Хрыстовай.

Віншую тых хрысціян, якія разам з намі святкуюць гэтае свята святаў.

Віншую братоў і сясцёр праваслаўных, якія будуць адзначаць свята перамогі Хрыста над злым духам, грахом і смерцю праз тыдзень.

 

Віншую ўсіх суайчыннікаў.

 

Ласкі ўваскрослага Езуса, Яго святла і благаслаўлення, моцнай веры і любові Бога і бліжняга ўсім нам і нашай Бацькаўшчыне Беларусі, каб яна з дня на дзень уваскрасала да новага жыцця.

 

Няхай праўда ўваскрасення стане новай духоўнай ін’екцыяй, якая адновіць жыццё нашага грамадства, а ўваскрослы Збаўца будзе нашай надзеяй і вядзе ў шчаслівую будучыню — да новай абяцанай зямлі, якой з’яўляецца Божае Валадарства.

 

Гэтыя велікодныя пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца + і Сына, + і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

 

Мінск, 19 сакавіка 2018 г.
Урачыстасць св. Юзафа

 

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае пасланне вернікам на Вялікдзень, 1 красавіка 2018 г.

Прочитано 365 раз

Наведвальнікі

3668721
Сёння
Учора
За тыдзень
Мінулы тыдзень
За месяц
Мінулы месяц
Усяго
245
1616
14607
3636039
37093
71720
3668721
Your IP: 54.84.236.168
Server Time: 2018-12-16 04:09:07
Счетчик joomla

Нашы сябры

 mkby3

kkbb

rvby

3

  Copyright © 2018 Парафія Маці Божай Бялыніцкай г. Горкі  Усе правы абаронены.