^Наверх

Вторник, 06 Март 2018 05:10

Слова Біскупаў на нядзелю "Карытас"

Автор 
Оцените материал
(0 голосов)

Пасланне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на

III нядзелю Вялікага посту 2018 г.

(нядзеля «Карытас»)

«Свет змяняецца, калі чалавек адкрывае сваё сэрца, слухае іншых і дзеліцца з імі».

Папа Францішак

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры ў Хрысце Пану!

            Разважаючы над словамі папы Францішка ў кантэксце вучэння Евангелля, мы разумеем, наколькі важна кожнаму з нас, веруючых людзей, стаць яшчэ больш дзейным хрысціянінам. Нашыя ўчынкі павінны стаць яшчэ больш скіраванымі на карысць бліжняга. Мы мусім навучыцца разумець наказ Езуса: «Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай маёмасць сваю і раздай убогім, і будзеш мець скарб у нябёсах; пасля прыходзь і ідзі за Мною» (Мц 19, 21).

            Гэтае радыкальнае патрабаванне Хрыста можа нас напалохаць, бо не кожны гатовы вось так проста адрачыся ад гэтага свету і стаць слугою для іншага чалавека, асабліва для таго, хто знаходзіцца ў патрэбе. Не кожны гатовы чыніць усё паводле слоў апостала Паўла: «Ці ясце, ці п’яце, ці нешта робіце, усё рабіце на славу Божую» (1 Кар 10, 31). На першы погляд здаецца, што гэта немагчыма, бо сучасныя рэаліі адрозніваюцца ад тых часоў, калі жыў святы апостал Павел. Таму мы пачынаем шукаць розныя апраўданні таго, што не робім дабра ў Імя Хрыстовае на сваім жыццёвым шляху.

            Аднак, дарагія браты і сёстры, запрашаем вас паразважаць над словамі наступнай малітвы:

Пане Езу, у Цябе няма рук, апроч нашых, каб Ты мог далей рабіць сваю збаўчую справу.

Пане Езу, у Цябе няма ног, апроч нашых, каб весці людзей Тваім шляхам.

Пане Езу, у Цябе няма вуснаў, апроч нашых, каб Ты і сёння мог абвяшчаць людзям пра сваё Валадарства.

Калі мы сапраўды верым, то мы — жывое ўвасабленне Добрай Навіны, якую грамадства ўсё яшчэ ўспрымае.

Калі мы сапраўды верым, то мы — апошні заклік Бога, які сёння гучыць у нашых словах і ўчынках.

Але часам ногі вядуць нас да граху, а вусны гавораць тое, што Ты, Пане, лічыш пустым…

Дазволь жа нам, Пане, цалкам належаць Табе, каб для іншых мы маглі стаць знакам надзеі. Надзеі, якую даеш толькі Ты.

Надышоў час, каб мы, сабраныя сёння ў нашых парафіяльных святынях, крыху глыбей паразважалі над тым, што азначае быць прыладаю ў Божых руках. Езус быў прыладаю ў руках свайго Нябеснага Айца. Дзякуючы гэтаму Ён збавіў свет. Ажно да сваёй крыжовай смерці і ўваскрасення Хрыстус навучаў, лячыў, карміў галодных, вызваляў людзей з-пад улады злых духаў і гэтак жа, як і ў наш час, ачышчаў ад усяго, што прыніжала годнасць чалавека як Божай святыні. Надышоў час, калі мы павінны ўрэшце пачуць заклік Езуса да дзейснага і глыбокага хрысціянскага жыцця. Нам, сабраным разам, як сапраўднай парафіяльнай сям’і, варта падумаць пра тых, хто побач з намі, у нашай парафіі чакае дапамогі. Якім чынам мы як веруючыя людзі можам ім дапамагчы? Неабавязкова гэта рабіць праз нейкія матэрыяльныя сродкі. Дастаткова перадусім мець крыху часу і ўвагі для іншага. Нават ветлівая ўсмешка і цёплая размова з адзінокімі і хворымі людзьмі ўжо бываюць здольныя вярнуць ім смак і радасць жыцця. Такая дапамога не вымагае вялікіх сродкаў. А элементарныя патрэбы можна задаволіць і з дапамогаю простых рэчаў, якія амаль заўсёды ёсць у кожным доме.

Дарагія святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры ў Хрысце! Напэўна, шмат з таго, што мы ўзгадалі, вы ўжо робіце. А хтосьці, магчыма, працуе ў дабрачыннай місіі «Карытас», у парафіяльнай дабрачыннай супольнасці альбо на карысць іншых харытатыўных грамадскіх ініцыятыў. Аднак мы не павінны задавольвацца тым, што ўжо камусьці дапамаглі, і думаць, што гэтага ўжо дастаткова. Езус казаў, што ўбогія заўсёды будуць сярод нас. Таму і нашая гатоўнасць дапамагчы мусіць быць трывалаю, або, кажучы мовай тэалогіі, павінна стаць дабрадзейнасцю — цнотаю.

Сёння запрашаем вас перажыць літургію святой Імшы такім чынам, каб адчутае духоўнае абуджэнне вы перанеслі ад алтара за парог касцёла, вынеслі са святыні ў звычайны свет; каб пачутае слова Святога Пісання заахвоціла нас адказаць Пану Богу і перамяніць сваё жыццё дзеля тых, каго мы сустракаем у штодзённасці; каб дары хлеба і віна, якія мы прыносім на Божы алтар, перамененыя ў Цела і Кроў Хрыста, сталі крыніцаю нашай ахвярнасці ў адносінах з тымі, хто знаходзіцца ў патрэбе. Ахвяра ў Імя Хрыста заўсёды будзе павялічваць хвалу ўсемагутнага Бога і станавіцца благаслаўленнем для нас; каб супакой Хрыста, з якім мы выходзім з касцёла пасля заканчэння святой Імшы, мы маглі несці кожнаму чалавеку, асабліва тым, каму найбольш патрэбная дапамога.

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, Сын Божы кажа нам: «Не бойцеся!» Кожны добры ўчынак вяртаецца да чалавека шчодраю Божаю ўзнагародаю! Нават за кубак вады, пададзенай у Імя Божае, падрыхтаваная вялікая ўзнагарода. (пар. Мк 9, 41). Даверцеся Божай ласцы і распачніце тое, што яшчэ ўчора лічылі немагчымым! Будзьце паслухмяныя Святому Духу і дазвольце Яму кіраваць вамі на шляхах дабрачыннай дзейнасці.

Усё гэта вымагае напружанай малітвы і разважання над Божым словам, каб наш — вельмі часта зямны — погляд на рэчы кардынальна перамяніўся на іншы — Божы погляд, або нябесны, як казаў пра гэта Езус у размове з Нікадэмам (пар. Ян 3, 12). Дзякуючы гэтаму зменіцца таксама наш погляд на іншага чалавека і яго патрэбы. Хоць трэба прызнаць, што вернікі Беларусі сапраўды вельмі ахвярныя і гатовыя дапамагаць тым, хто апынуўся ў цяжкім жыццёвым становішчы.

Хвала Богу і вялікі дзякуй за вашыя добрыя сэрцы, якія шырока адкрытыя на дапамогу людзям. Хвала Богу за Яго вялікую любоў да кожнага грэшніка, праз якую Ён вучыць нас быць багатымі на міласэрнасць.

Напрыканцы яшчэ раз узгадаем словы святога апостала Паўла: «Хто сее скупа, той скупа і пажне, а хто сее шчодра, той шчодра і пажне.Няхай кожны дае, як вырашыць у сваім сэрцы, а не са шкадаваннем ці з прымусу, бо радаснага даўцу любіць Бог.Бог мае моц узбагаціць вас усякаю ласкаю, каб вы, заўсёды і ва ўсім маючы ўсялякі дастатак, былі багатыя на ўсялякія добрыя справы…»(2 Кар 9, 6–8).

Дарагія вернікі, менавіта гэтага багацця «на ўсялякія добрыя справы», або «нябеснага скарбу», якім з’яўляецца дабрачыннасць тут, на зямлі, ад усяго сэрца жадаем вам, як і шчодрага духоўнага плёну ў падрыхтоўцы да велікодных святаў.

На час перажывання Вялікага посту і навучання сапраўднаму хрысціянскаму жыццю сардэчна благаслаўляем.



Мінск, 28.02.2018 г.

Каталіцкія Біскупы Беларусі

Прочитано 258 раз

Наведвальнікі

3317749
Сёння
Учора
За тыдзень
Мінулы тыдзень
За месяц
Мінулы месяц
Усяго
1905
3859
28588
3263597
86416
106036
3317749
Your IP: 54.144.16.135
Server Time: 2018-06-24 11:13:41
Счетчик joomla

Нашы сябры

 mkby3

kkbb

rvby

3

  Copyright © 2018 Парафія Маці Божай Бялыніцкай г. Горкі  Усе правы абаронены.