^Наверх

Среда, 04 Январь 2017 07:39

Каментарый да Паслання папы Францішка на Сусветны дзень міру 2017 г.

Автор 
Оцените материал
(0 голосов)

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Каментарый да Паслання папы Францішка

на Сусветны дзень міру 2017 г.

НЕНАСІЛЛЕ: СТЫЛЬ ПАЛІТЫКІ ДЛЯ МІРУ

Дарагія святары, касэкраваныя асобы, браты і сёстры, людзі добрай волі!

  1. Ужо ў 50-ты раз Каталіцкі Касцёл адзначае, устаноўлены благаслаўлёным папам Паўлам VI, Сусветны дзень міру. З яго нагоды папа Францішак абвясціў сваё Пасланне, дэвіз якога: “Ненасілле: стыль палітыкі для міру”. Пасланне складаецца з Уступу, чатырох частак і Завяршэння.

Святкаванне гэтага дня з’яўляецца добрай нагодай засяродзіцца на праблеме захавання міру ў наш час, калі ён усё часцей парушаецца, аб чым сведчыць штодзённае жыццё.

2.      На пачатку Паслання ва Уступе папа складае свае пажаданні міру народам свету, кіраўнікам дзяржаў і рэліійных супольнасцяў а таксама розным грамадскім інстытуцыям. Пры гэтым ён заклікае да ўзаемнай пашаны людзей, як створаных па вобразу і падабенству Божаму, і да таго, каб ненасілле стала стылем нашага жыцця. Ён таксама заахвочвае да таго, каб любоў і адказ ад насілля кіравалі адносінамі паміж людзьмі, грамадствамі і народамі  (пар. ПСДзМ 17, 1).

3.      У першай частцы: “Разбіты свет” папа, успамінаючы дзве сусветныя вайны, пагрозу атамнай вайны і іншыя канфлікты мінулага стагоддзя, а таксама сучасную фрагментарную вайну, сцвярджае, што сёння вельмі цяжка сказаць ці насілля ў свеце менш ці больш, ніж было раней, а таксама ці мы лепей усведамляем праблему насілля, бо можа з ім ужо проста звыкліся. Так ці інакш, існуючае ў свеце насілле становіцца прычынай вялікіх цярпенняў людзей. Пры гэтым Пантыфік сцвярджае, што насілле не з’яўляецца лекам для сучаснага разбітага свету. Наадварот, яно вядзе да паўстання новых праблем, у выніку якіх церпяць людзі (пар. ПСДзМ 17, 2).

4.      У другой частцы: “Добрая Навіна” папа прыпамінае аб тым, што Езус таксама жыў у часы насілля і вучыў, што полем барацьбы паміж насіллем і супакоем ёсць чалавечае сэрца (пар. Мк 7, 21). Пры гэтым Ён падкрэсліваў, што бязмежная і безумоўная Божая любоў прабачае і заклікаў вучняў любіць нават сваіх ворагаў (пар. Мц 5, 44). А выратоўваючы жанчыну чужаложніцу да каменавання (пар. Ян 8. 1-11) і загадваючы Пятру схаваць меч (пар. Мц 26, 52), паказаў шлях, як можна адрачыся ад насілля. Таму, той, хто прымае вучэнне Езуса, здольны распазнаць насілле, якое носіць у сабе, і дазваляе, каб Божая міласэрнасць вылечыла яго ад гэтага зла. Такім чынам, чалавек становіцца прыладай паяднання.

Пантыфік выразна вучыць, што быць сапраўдным вучнем Хрыста азначае прыняць Яго прапанову адмовы ад насілля. Пры гэтым ён цытуе свайго папярэдніка Бэнэдыкта XVI, што любоў ворагаў з’яўляецца ядром хрысціянскай рэвалюцыі і “magnacharta” – “вялікай хартыяй” хрысціянскай адмовы ад насілля, што не азначае капітуляцыі перад злом, але адказам дабра на зло (пар. ПСДзМ 17, 3).

5.      У трэцяй частцы “Мацнейшыя ніж насілле” папа прыпамінае, што ў сучасным свеце адмова ад насілля часта ўспрымаецца як проігрыш ці пасіўнасць. На самой справе гэта далёка не так. Пры гэтым Францішак успамінае словы св. Тэрэсы з Калькуты, што супакой можна ўстанавіць не зброяй, а ўзаемнай любоў’ю, таму што сіла зброі зманліва.

Гісторыя вельмі добра сведчыць аб тым, як барацьба без насілля прыносіць вельмі добрыя вынікі. У прыклад папа ставіць Магатму Гандзі, які мірнымі метадамі змагаўся за незалежнасць Індыі; Марціна Лютара Кінга, які таксама мірна выступаў супраць расавай дыскрыміацыі ў ЗША і іншыя асобы.

Ён таксама прыпамінае аб тым, што хрысціянскія супольнасці сваёй малітвай і адважнай дзейнасцю садзейнічалі падзенню камуністычных рэжымаў у Еўропе. У гэтым працэсе асаблівая заслуга належыць св. Яну Паўлу II. Паводле якога эпахальная змена жыцця народаў і дзяржаў адбываецца праз мірную барацьбу, якая паслугоўваецца толькі зброяй праўды і справядлівасці без насілля.

Нагадваючы, што Касцёл спрыяе развіццю стратэгій без насілля з мэтай будавання справядлівага і трывалага міру, папа падкрэслівае, што ненасілле – гэта таксама спадчына многіх іншых рэлігій. Чарговы раз ён кажа, што апраўданне насілля рэлігіяй з’яўляецца зневажаннем Бога і толькі мір святы, а не вайна (пар. ПСДзМ 17, 4).

6.      У пятай частцы Паслання “Хатнія крыніцы палітыкі, якая адмаўляецца ад насілля”, папа закранае праблему насілля ў сем’ях. Ён падкрэслівае, што сям’я з’яўляецца неабходным тыгелем, дзякуючы якому сужонкі, бацькі і дзеці, браты і сёстры вучацца разумець адно аднаго і бескарысліва клапаціцца адно аб адным, а таксама месцам, дзе непаразуменні і канфлікты перамагаюцца не з ужываннем сілы, але праз дыялог, пашану і пошук карысці іншага, міласэрнасць і прабачэнне.

Этыка братэрства і мірнага сужыцця не павінна абапірацца на логіцы страху, насілля і закрыцця, але на адказнасці, дыялогу і ўзаемапавазе. У сувязі з гэтым, папа заклікае да спынення хатняга насілля, злоўжывання адносна жанчын і дзяцей, і разбраення, а таксама да забароны і знішчэння ядзернай зброі. Атамнае застрашэнне і пагроза ўзаемазнішчэння не могуць быць асновай такой этыкі.

Нядаўна завяршыўшыся Юбілейны Год Божай Міласэрнасці стаў добрай нагодай і заахвотай да таго, кад Божая міласэрнасць увайшла ў нашы сэрцы. Ён дапамог нам усведаміць тое, што многія групы людзей становяцца ахвярамі несправядлівасці і церпяць з-за насілля. У той сам час яны з’яўляюцца членамі нашай супольнай “сям’і”, нашымі братамі і сёстрамі. Таму палітыка адмовы ад насілля павінна распачынацца ў сем’ях, каб з іх рапаўсюдзіцца на ўвесь свет.

7.      У шостай частцы Паслання “Мая заахвота” папа Францішак нагадвае пра неабходнасць ненасілля ў справе будавання сталага міру згодна з вучэннем Касцёла, яго ўдзелу ў міжнародных арганізацыях і ўкладзе хрысціян у апрацоўку адпаведнага заканадаўства. Для гэтага сам Езус прапануе нам “падручнік” будавання міру, якім з’яўляецца Яго казанне “на гары” з васьмю благаслаўленнямі (пар. Мц 5, 3-10). Езус кажа што благаслаўлёныя лагодныя, міласэрныя, міратворцы, чыстыя сэрцам, тыя, хто імкнецца да справядлівасці.

Восем благаслаўленняў Езуса – гэта не толькі настольная кніга хрысціяніна, але таксама і праграма для палітыкаў, рэлігійных лідараў, кіраўнікоў міжнародных арганізацый, прадпрыемстваў і медый. Дзеянне паводле іх азначае выбар салідарнасці як стылю тварэння гісторыі і будавання грамадскага сяброўства. Не прыняцце насілля з’яўляецца спосабам паказаць, што еднасць больш моцная і плённая, чым канфлікты.

Каталіцкі Касцёл будзе і далей успамагаць усялякія змаганні будавання міру праз актыўную і творчую адмову ад насілля. Вялікая надзея ў сувязі з гэтым ускладаецца на новую Ватыканскую дыкастэрыю да спраў інтэгральнага развіцця чалавека, якая будзе садзейнічаць устанаўленню справялівасці, міру і абароны стварэння, а таксама клапаціцца пра мігрантаў, хворых, маргіналаў, вязняў, безпрацоўных, ахвяр рабства і катавання і г.д. (пар. ПСДзМ, 6).

8.      У завяршэнні Паслання папа звяртаецца да Марыі – Каралевы міру, каб была нашым правадніком на шляху будавання сталага супакою. Падкрэсліваючы, што ўсе людзі жадаюць міру, ён заклікае праз малітву і дзяенне ачышчаць сябе ад насілля з мэтай будавання супольнага дому, бо ўсё магчыма ў Богу (пар. ПСДзМ, 7).

9.      Як бачна, у сёлетнім Пасланне на Сусветны дзень міру папа Францішк падкрэслівае, што насілле і мір з’яўляюцца двума супрацьлеглымі спосабамі будавання грамадства. Павялічваючаяся колькасць крыніц насілля параджае сур’ёзныя і негатыўныя сацыяльныя наступствы. У той сам час ненасілле нясе пазітыўныя і спрыяе сапраўднаму прагрэсу. Таму шляхам дыялогу неабходна шукаць дарог міру там, дзе яны выдаюцца цяжкімі і нават немагчымымі.

Такім чынам, адмова ад насілля можа прымаць больш шырокі сэнс. Менавіта, яна становіцца не толькі жаданнем, натхненнем і маральным яго непрыманнем, але таксама рэалістычным, адкрытым на надзею падыходам да гэтай справы. Кожная сацыяльна-палітычная сістэма павінна абапірацца на першынстве права. Калі захоўваецца закон і роўная годнасць кожнага чалавека, то адмова ад насілля можа быць рэальным спосабам пераадолення ваенных канфліктаў. З гэтага пункту гледжання важна звяртаць увагу не на права сілы, але на сілу закону.

10.    Дарагія браты і сёстры!

Сёння, на Новы Год, Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Багародзіцы Марыі, якая нарадзіла свету Езуса Хрыста – Караля міру. Услухаемся ў голас Пятра нашага часу папы Францішка. Зробім рахунак сумлення ці мы сапраўды адракаемся ад насілля ў нашых сем’ях, супольнасцях, грамадстве, каб стаць сапраўднымі будаўнічымі міру, чаго ў наш, поўны неспакою, час найбольш патрабуе свет.

Няхай нашы малітвы і штодзённыя справы стануць ажыццяўленнем слоў велічнага гімну, які спявалі анёльскія хоры пры нараджэнні Збаўцы: “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі”.

Карыстаючыся з нагоды, віншую ўсіх вас з Новым 2017 Годам. Няхай Божая ласка, мір і апека Божай Маці спадарожнічае вам ва ўсе дні гэтага новага этапу нашага жыцця, калі мы будзем адзначаць Юбілей 100-годзя фацімскіх аб’яўленняў, у якіх Марыя – Каралева міру – заклікала да малітвы і навяртання, як умове гарманічнага і мірнага развіцця чалавецтва.

З малітвай і благаслаўленнем

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 25 снежня 2016 г.

Урачыстасць НараджэнняПана

 

 

 

Прочитано 950 раз Последнее изменение Понедельник, 30 Январь 2017 14:47

Наведвальнікі

3668734
Сёння
Учора
За тыдзень
Мінулы тыдзень
За месяц
Мінулы месяц
Усяго
258
1616
14620
3636039
37106
71720
3668734
Your IP: 54.84.236.168
Server Time: 2018-12-16 04:14:40
Счетчик joomla

Нашы сябры

 mkby3

kkbb

rvby

3

  Copyright © 2018 Парафія Маці Божай Бялыніцкай г. Горкі  Усе правы абаронены.