^Наверх

Воскресенье, 29 Ноябрь 2015 12:11

Пастырскае пасланне на Адвэнт 2015г.

Автор 
Оцените материал
(0 голосов)

АДВЭНТ – ЧАС ДУХОЎНАГА ДАСКАНАЛЕННЯ

 

         Дарагія браты і сёстры!

         1.       Чарговы раз Божы Провід дазваляе нам распачаць новы літургічны год, які з волі Святога Айца Францішка ў Касцёле мы будзем адзначаць як Год міласэрнасці. Ён распачнецца 8 снежня 2015г. ва Ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў 50-ую гадавіну завяршэння Другога Ватыканскага Сабору. Паводле пастырскай праграмы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ў межах падрыхтоўкі да Юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў Марыі, наступны год прысвячаецца надзеі. Маючы на ўвазе Год міласэрнасці і Год надзеі Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі выбрала наступны дэвіз на гэты час: “Надзея ў Божай міласэрнасці”.

         2.      Новы літургічны год распачынаецца Адвэнтам, які з’яўляецца часам непасрэднай падрыхтоўкі да Божага Нараджэння і які гарманічна ўліваецца ў другі Адвэнт, калі мы чакаем другога прыйсця Хрыста ў славе.

         Чалавецтва доўгія тысячагоддзі з надзеяй чакала прыйсця Збаўцы. Бог пасылаў яму сваіх прарокаў з мэтай падрыхтаваць Божы народ на прыйсце Пана. У гэтай чарзе Богам выбраных і натхнёных людзей апошнім апынуўся св. Ян Хрысціцель. Менавіта яму Бог даручыў асаблівае заданне – непасрэдна падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцы (пар.Мк 1, 2-3). Св. Ян Хрысціцель з’яўляецца прадстаўніком як Старога, так і Новага Запаветаў і іх злучае ў сваёй асобе як таго, хто рыхтаваў шлях прыходзячаму Пану (пар. Мк 1, 2-7) і таго, хто Яго паказаў людзям падчас хросту ў Ярдане (пар. Ян 1, 29-31).

         Будучы выбранным Богам для такога адказнага задання, якім ёсць непасрэдная падрыхтоўка людзей на прыйсце ў свет Збаўцы, св. Ян Хрысціцель гэтым самым стаўся ўвасабленнем надзеі, што завяршаецца час чакання і наступае час збаўлення. І той, хто яму паверыў, не абмануўся.

         3.      Св. Ян Хрысціцель сумленна выканаў даручанае яму заданне, будучы голасам клічучага ў пустыні (пар. Мц 3, 3). З таго часу мінула 2000 гадоў. Евангелле абвяшчаецца на ўсіх кантынэнтах, хаця яшчэ дзве трэці чалавецтва яго ня ведае. Таму ў свеце яшчэ ёсць так многа сэрцаў, якія не пазналі Добрай Навіны і чакаюць на яе.

         Да гэтай праблемы ў апошнія часы далучылася яшчэ адна. Менавіта многія краіны свету і нават цэлыя кантынэнты, якія маюць вельмі багатую хрысціянскую гісторыю і традыці, адыйшлі ад Бога і жывуць так, як быццам Ён не існуе. Многія хрысціяне пакідаюць сваю веру дома ці ў касцёле і кажуць, што ў штодзённым жыцці – у працы, на вуліцы, універсітэце, краме, массмедыях і г.д. – яна не абавязвае, бо ўсе жывуць інакш. У выніку чаго сучасны свет перамяняецца ў духоўную пустыню і сёння місія св. Ян Хрысціцеля з’яўляецца не менш актуальнай, чым гэта было 2000 гадоў назад. Таму Касцёл няспынна прамаўляе праз Папу, біскупаў, прэзбітэраў, кансакраваных асобаў і свецкіх вернікаў, бо перад абліччам сучасных выклікаў усе пакліканы да евангелізацыі і падрыхтоўкі дарогі Пану, які прыходзіць.

         4.      Колькасць гэтых выклікаў не памяншаецца, але з кожным днём расце і яны становяцца ўсё больш небяспечнымі. Некаторыя з іх падобныя да тых, якія былі ў часы св. Яна Хрысціцеля, іншыя ж з’явіліся ў выніку сучаснай секулярнай культуры.

         Св. Ян Хрысціцель дакараў караля Ірада за тое, што ўзяў сабе за жонку сужонку свайго брата Ірадыяду (пар. Ян 14, 4). Гэтым самым ён зняважыў Богам устаноўлены інстытут сям’і. У сучаснай секулярнай культуры з яе ідэалогіяй лібералізму інстытут сям’і, як адзіны і непарушны саюз мужчыны і жанчыны з мэтай прадаўжэння патомства і яго выхавання, перажывае нябачны дасюль крызіс. Пошукам шляхоў вырашэння гэтага крызісу быў прысвечаны Сінод біскупаў на тэму: “Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце”, які праходзіў у Ватыкане 4-25 кастрычніка г.г.

Хваля разводаў і сужэнскай нявернасці залівае свет. У Беларусі іх колькасць дасягае паловы. Гэта праблема не толькі разведзеных мужа і жонкі, але і нявінных дзяцей, якіх пры жывых бацьках застаюцца як быццам сіротамі і якіх выхоўваюць не яны, але вуліца. Найчасцей развод апраўдваецца імкненнем да свабоды, маўляў жыву з тым з кім хачу. Але не можа быць сапраўднай свабоды без адказнасці. Сужэнцы пры алтары, перад Богам, абяцаюць адзін аднаму вернасць аж да смерці і выхаванне патомства, а потым забываюцца аб гэтым, што і вядзе да трагедыі.

Змяняецца таксама і паняцце сям’і. Замест, з Божага ўстанаўлення, быць гетэрасэксуальнай, гэта азначае складаючайся з мужчыны і жанчыны, яна ўсё часцей, з людскога ўстанаўлення, становіцца гомасэксуальнай –  складаючайся з двух мужчын або двух жанчын. Зразумела, што Касцёл, як вартаўнік веры, не можа такі саюз прызнаць сям’ёй. Тым не менш парламенты многіх краін свету, у тым ліку палова Еўрасаюзу, прызналі ім ўсе правы нармальнай сям’і. Гэтым самым заканадаўства вядзе на шлях Садомы і Гаморы (Быц 19, 24-25).

Усё часцей з’яўляюцца так званыя сужэнствы на пробу: маўляў, пажывём – паглядзім. Многія жывуць без дзяржаўнай рэгістрацыі шлюбу, не кажучы ўжо пра касцёльны.

Усё часцей у сучасных сем’ях праяўляецца насілле, алкагалізм і наркаманія.

Усё большай праблемай з’ўляецца пераказ і захаванне найбольш каштоўнага Божага дару, якім з’яўляецца дар жыцця. З Божай волі гэты дар перадаецца праз акт сужэнскай любові. Амаральнае выкарыстанне новых дасягненняў навукі, асабліва ў галіне генэтыкі, і сучасных медычных тэхналогій вядзе да маніпуляцый і штучнага апладнення, што супярэчыць Божаму закону.

Ніхто не пярэчыць, што бясплоднасць з’яўляецца вялікай трагедыяй. Аднак штучнае апладненне не з’яўляецца лячэннем хваробы, бо яна застаецца. Акрамя гэтага, клінікі, якія займаюцца такой практыкай, выкарыстоўваюць яе ў мэтах бізнесу. Вялікай маральнай праблемай з’яўляецца і тое, што пры выкарыстанні гэтага метаду шмат зародышаў проста гіне. А кожны з нас калісьці быў зародышам. Таму нішчэнне зародкаў – гэта забіццё новага жыцця. У той сам час вядома, што апошнія дасягненні навукі дазваляюць на выкарыстанне напратэхналогій для лячэння бясподнасці.

У апошнія часы ўсё больш прапагуецца гендарная ідэалогія паводле якой розніца паміж мужчынамі і жанчынамі не з’яўляецца чымсьці трывалым і біялагічна акрэсленым, але вынікае з культурнага кантэксту. Паводле ідэалогіі гэндэрызму чалавек не нараджаецца мужчынай ці жанчынай, але культурнае асяроддзе, у якім ё жыве, такім яго чыніць. Паводле яе чалавечы пол неабходна злучаць больш з культурай ніж з біялогіяй. У той сам час мы ведаем, што Бог стварыў чалавека як мужчыну і жанчыну (пар. Быц 1, 27). Таму, паводле гендэрнай ідэалогіі дзіця, калі вырасце, то само вырашыць кім быць – мужчынай ці жанчынай. І гэта не жарт, але новы напрамак выхавання гендэрнага пакалення.

А колькі праблем вынікае з незахавання прынцыпу сацыяльнай справядлівасці! Выкарыстаная не згодна з маральнымі прынцыпамі, добрая па сваёй сутнасці і патрэбныя для развіцця сусветнай эканомікі, глабалізацыя вядзе да яшчэ большага ўзбагачэння багатых і да абяздолення бедных. 

На існуючыя ў свеце праблемы экалогіі звярнуў увагу Святы Айцец Францішак у сваёй апошняй энцыкліцы “Laudato sì” – “Будзь праслаўлены”. Богам створаны свет, наша планета ў выніку варварскай эксплуатацыі яе прыродных рэсурсаў задыхаецца і памірае, і таму патрабуе экалагічнага навяртання і прыняцця эфектыўных рашэнняў для яе захавання нашчадкам (пар. LS2. 5.15).

Не вырашанай застаецца праблема лакальных войнаў, якія вядуцца на многіх кантынэнтах і пагражаюць ператварыцца ў новую сусветную вайну. Тэрарызм з’яўляецца сапраўдным бічом сучаснага свету, пагражае яго стабільнасці, становіцца прычынай з’яўлення ўсё большай колькасці бежанцаў. Беднасць і безрабоцце становяцца прычынай нарастаючай і часам нават не кантраляванай міграцыі. Праблема бежанцаў і міграцыі стала адной з найбольшых балючых сучаснага свету, што нават развітыя і багатыя краіны, асабліва Еўропа, не могуць яе вырашыць. Да гэтага далучаюцца канфлікты на рэлігійнай глебе, асабліва паміж хрысціянскімі і не хрысціянскімі веравызнаннямі. У выніку чаго хрысціянства ізноў стала найбольш праследуемай рэлігіяй у свеце. Усё гэта вядзе да канфлікту цывілізацый і культур.

Сучасныя медыя ўсё больш і больш прапагуюць свецкі і нават амаральны стыль жыцця, што вельмі негатыўна ўплывае на выхаванне моладзі.

Калі да гэтага дабавім імкненне да паслаблення Божага закону і нават яго адмены, прыняццё многімі краінамі свету не згодных з Божым правам законаў, пандэмію нашага часу СНІД, наркаманію, алкагалізм, карупцыю, залежнасць ад азартных гульняў і камп’ютэрную залежнасць, і г.д., то сапраўды здаецца, што мы ізноў знайшліся ў духоўнай пустыні.

         5.      Заблукаўшы ў пустыні чалавек практычна не мае ніякага шанцу выйсці з яе самому без чыёйсьці дапамогі. Няма ежы і вады, не вядома ў якім напрамку ісці, днём спякота а ўначы холад.

         Падобна ёсць і з чалавекам, які знаходзіцца ў духоўнай пустыні, калі ён не карыстаецца з дапамогі, якую яму прапануе Касцёл.

         Як штогод Касцёл у Адвэнце арганізуе адпаведную пастырскую праграму, каб дапамагчы чалавеку выправіць сваё жыццё, засыпаць даліны грахоў, зраўняць горы ганарлівасці, выпраставаць крывыя дарогі жыцця і такім чынам падрыхтавацца на прыйсце Збаўцы. У гэтай праграме ёсць адвэнтавыя рэкалекцыі, пакутныя набажэнствы, традыцыйныя Рараты, спецыяльныя малітоўныя сустрэчы, чуванне моладзі і т.п.

         У Адвэнце Касцёл звяртае нашу ўвагу на Беззаганна Зачатую Панну Марыю, каб мы з Яе бралі прыклад і заўсёды згаджаліся з Божай воляй. У Адвэнце таксама распачнецца Год Міласэрнасці. І гэта вельмі сімвалічна. Першы гістарычны Адвэнт і Адвэнт, які мы перажываем – гэта не што іншае як знак бязмежнай Божай міласэрнасці. Першы Адвэнт завяршыўся нараджэннем Збаўцы. Бог стаў чалавекам для таго, каб сваёй крыжовай смерцю, якая з’яўляецца найвышэйшым праяўленнем любові Бога да чалавецтва, збавіць нас. Цяпер, падчас другога Адвэнту, Хрыстус праз свой Касцёл клапоціцца пра нас, каб мы не заблукалі, а калі так станецца, то выводзіць нас з духоўнай пустыні ў краіну жыцця ў Божай ласцы.

6.      Далёка не ўсе людзі паслухалі заклік св. Яна Хрысцыіцеля падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцы. У выніку чаго многія Яго не прынялі, хаця Ён і прыйшоў да сваіх (пар. Ян 1, 11).

А як ёсць з намі? На гэтае пытанне мы павінны адказаць у гэты час ласкі і збаўлення; адказаць, не адкладваючы на будучыню, бо яе можа ня быць. Неабходна памятаць аб тым, што заўтра распачынаецца сёння і таму трэба выкарыстаць такую магчымасць, каб заўтрашні дзень сапраўды быў днём ласкі.

7.      Так ужо ёсць у сучаснай культуры, што вельмі часта Адвэнт мы перажываем у клопатах аб падарунках і таму многа часу трацім на пакупкі і не маем яго на Адвэнтавыя рэкалекцыі, малітву, споведзь. Традыцыйна мы абдароўваем адзін аднаго падарункамі на святы. Асабліва на Божае Нараджэнне іх чакаюць дзеці. Аднак клопат пра падарункі і святочны шопінг, які ў апошнія часы распачынаецца задоўга перад Божым Нараджэннем, не могуць зацьміць духоўнай падрыхтоўкі.

У ангельска-моўных краінах у Адвэнце можна ўбачыць красуючыяся на вялікіх гандлёвых цэнтрах надпісы: “Destination– Christmas” – „Напрамак – Божае Нараджэнне”. Але на гэтым напрамку няма нічога духоўнага, толькі матэрыяльнае і бізнес. Гэта не той шлях, якім мы павінны ісці ў Адвэце. У нас павінен быць іншы, духоўны напрамак да святаў Божага Нараджэння, бо толькі тады яны будуць мець сэнс. Дарога да святаў Нараджэння Хрыста павінна прывесці да нараджэння Езуса сваёй ласкай у нашых сэрцах, каб яны сталі Бэтлеемам нашага часу.

8.      Дарагія браты і сёстры!

Распачынаючыся Адвэнт не можа быць толькі чарговай фармальнасцю, але павінен стаць новым этапам нашага духоўнага дасканалення і падрыхтоўкі як да святаў Божага Нараджэння, так і другога прыйсця Хрыста. Для нас, хрысціян, не дастаткова толькі памятаць аб Нараджэнні Божага Сына ў Бэтлееме больш за 2000 гадоў таму. Сваёй ласкай Ён павінен задамавіцца ў нашых душах, каб іх пераменяць і дасканаліць.

Няхай на гэтым шляху спадарожнічае нам Беззаганна Зачатая Марыя – Адвэнтавая Валадарка, як прыклад у нашым жыцці.

Давяраючы ўсіх вас Яе заступніцтву і апецы, на час перажывання Адвэнту ў духу духоўнага дасканалення на спатканне з Хрыстом ад усяго сэрца благаслаўляў у імя Айца, + і Сына і Святога Духа. Амэн. 

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 21 лістапада 2015 г.

Успамін ахвяравання НПМ

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1.       Францішак. Энцыкліка “Laudato Si” (LS).

P.S.   Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Пасланне вернікам у першую нядзелю Адвэнта 29 лістапада 2015г.

Прочитано 2077 раз

Наведвальнікі

5092722
Сёння
Учора
За тыдзень
Мінулы тыдзень
За месяц
Мінулы месяц
Усяго
101
187
1427
5089110
10195
13698
5092722
Your IP: 3.89.87.12
Server Time: 2020-10-31 04:31:45
Счетчик joomla

Нашы сябры

 mkby3

kkbb

rvby

3

  Copyright © 2020 Парафія Маці Божай Бялыніцкай г. Горкі  Усе правы абаронены.