^Наверх

Вторник, 01 Сентябрь 2015 10:58

Слова арцыбіскупа на распачацце новага навучальнага году

Автор 
Оцените материал
(0 голосов)

КАТЭХЕЗА – НАША СУПОЛЬНАЯ АДКАЗАНАСЦЬ

Пастырскае пасланне на распачацце

катэхетычнага году 2015/2016

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, катэхеты і вучні!

 

1.      Праз два дні распачынаеццановы навучальны год. Вучні пойдуць у школу, каб пазнаваць веды і выхоўвацца да дарослага жыцця. Аднак чалавек, як Божае стварэнне, складаецца не толькі з цела, але і душы а таму павінен клапаціцца не толькі аб сваім фізычным і інтэлектуальным развіцці, але і духоўным. Святы Ян Павел II кажа, што навука і рэлігія – гэта два крылы, на якіх чалавек уздымаецца да пазнання праўды (пар. FR, Уступ).

Менавіта таму, Касцёл клапоціцца аб шматбаковым выхаванні маладога пакалення. Касцёл заснаваў першыя універсітэты і ў наш час пад яго эгідай знаходзіцца ў свеце многа вышэйшых навучальных установаў, дзе вывучаюцца не толькі рэлігійныя дысцыпліны, але і свецкія: фізіка, матэматыка, геаграфія, філасофія, гісторыя, мовы, сацыяльныя навукі і г.д. У нашай краіне таксама ўжо зарэгістравана каталіцкая духоўная навучальная ўстанова«Мінская тэалагічная акадэмія імя св. Яна Паўла II». Так што ў будучым існуе магчымасць маладым людзям навучацца ў вышэйшай каталіцкай навучальнай установе на радзіме.

2.      Распачынаючы новы навучальны год Касцёл звяртае ўвагу бацькоў, катэхетаў і саміх вучняў на неабходнасць рэлігійнага выхавання на ўзроўні катэхізацыі.

У наш час катэхізацыя неабходна ўсім – і маладым і дарослым. Няведанне праўдаў хрысціянскай веры і адсутнасць зацікаўленасці хрысціянскім жыццём адлучае чалавека ад збаўчай веры і пакідае яго ў неясных і неканкрэтных уяўленнях аб жыцці, якія часта абапіраюцца на сумніўных рэлігійных перакананнях, што з’яўляецца вельмі небяспечным і можа прывесці да непрадказальных негатыўных наступстваў. Аднак, калі чалавек жыве паводле вучэння Касцёла з надзеяй на вечнае жыццё, тады вобраз яго жыцця зменяецца кардынальна і ён ведае што ў Хрысце зможа перамагчы ўсе цяжкасці і дасягнуць вечнага шчасця.

Чалавек, які добра ведае чалавечы арганізм, інакш глядзіць на сябе. Таксама і хрысціянін, які добра ведае хрысціянскае вучэнне і хрысціянскі вобраз жыцця, інакш падыходзіць да духоўных спраў і імкнецца іх захаваць і памножаць, каб стаць дасканалым на падабенства Хрыста (пар. Эф 4, 13) і навучыцца адрозніваць дабро ад зла (пар. Гбр 5, 14).

3.      Пакуль што ў школах у нашай краіне няма магчымасці выкладаць рэлігію, каб ахапіць ёю як мага больш вучняў. Таму місію навучання дзяцей рэліггіі Касцёл выконвае праз арганізацыю катэхетычных заняткаў пры парафіях у так званых нядзельных школах.

Дваццаць пяць гадоў свабоды веравызнання і адраджэння Касцёлана Беларусі былі паспяхова выкарыстаны для апрацавання катэхетычных матэрыялаў для вучняў усіх класаў, а таксама дапаможных матэрыялаў для катехетаў. «Мінскі тэалагічны каледж імя св. Яна Хрысціцеля»рыхтуе катэхетаў і іншых спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці. Падобныя касцёльныя навучальныя ўстановы існуюць таксама ў Гродзенскай і Пінскай дыяцэзіях.

Усё гэта нагадвае аб тым, што Касцёл падрыхтаваны для вядзення катэхізацыі на ўсіх узроўнях. Справа толькі за самімі бацькамі, каб яны паклапаціліся пасылаць дзяцей на ўрокі катэхізацыі і прыкладам свайго хрысціянскага жыцця замацоўвалі ў дзецях атрыманыя веды і духоўную фармацыю. Справа эфектыўнай катэхізацыі залежыць таксама і ад руплівасці, веры і прыкладу катэхетаў. І наканец, яна залежыць ад саміх вучняў і іх старанняў.

4.У часы ганенняў на веру Касцёл быў абмежаваны ў сваёй дзейнасці. Ён не быў глухім на духоўныя патрэбы вернікаў, але не мог катэхізаваць, гэта азначае – не мог прамаўляць паўнатой свайго голасу, бо афіцыйная катэхізацыя і выкладанне рэлігіі былі забаронены. Дзякуй Богу часы змяніліся і сёння, як гэта было падкрэслена вышэй, ён адкрыта катэхізуе.

Гэта вялікі дар і адначасова заданне перад Касцёлам, асабліва перад катэхетамі, і яго неабходна выконваць належным чынам. Не дастаткова атрымаць дыплом катэхета і не дастакова быць ім. Неабходна так выконваць сваё заданне, каб у ім ажыццяўлялася пакліканне і місія абвяшчэння Хрыста. Таму вельмі важнае месца ў працэсе катэхізацыі займае сведчанне веры катэхеты. Дар і ласка веры з’яўляюцца найважнейшым і найбольш каштоўным яго талентам. Ён не можа яго захаваць толькі для сябе ці закапаць у зямлю, але павінен выкарыстоўваць і дзяліцца ім з вучнямі, памятаючы аб тым, што вера пераказваецца ад асобы да асобы, так як полымя запальваецца ад іншага агню, – як вучыць папа Францішак (пар. LF 37).

Справа катэхізацыі ў сучасным свеце не з’яўляецца лёгкай, падобна як і справа агульнага навучання і выхавання ў школе, што вельмі моцна падкрэсліваюць настаўнікі і што выклікана перадусім зменамі ў культуры нашага жыцця. Таму, распачынаючы новы катэхетычны год, многія катэхеты з трывогай глядзяць у будучыню. Гэта звязана са свядомасцю іх слабасці і абмяжаванняў, а таксама з тым, ці сведчанне іх веры будзе пераконваючым.

Аднак гэты страх не можа паралізаваць. Перакананне аб тым, што мы дзелімся з іншымі тым, што маем і тым, што мы самыя атрымалі, павінна нас адкрываць на іншых і асмельваць. Без катэхізацыі вучні не атрымаюць так неабходнага для іх гарманічнага развіцця духоўнага элементу.

Эфектыўнай катэхізацыі павінна спрыяць асабістая фармацыя катэхетаў, каб атрыманыя раней веды і духоўны патэнцыял не памяншаліся, але пастаянна павялічваліся. У наш час неабходна заўсёды памятаць аб тым, чым ёсць катэхеза і якія заданні стаяць перад ёй. Менавіта– пераказам веры, што ажыццяўляецца праз навучанне, выхаванне і ўтаямнічанне ў хрысціянскае жыццё, а таксама давядзеннем вучня да жывой сустрэчы з Хрыстом.

Выконванне гэтых галоўных заданняў катэхеты павінна адпавядаць патрабаванням часу. Для гэтага ён сам павінен дасканаліцца духоўна і інтэлектуальна, і таксама пазнаваць новыя метады катэхіхацыі. Таму асоба добра падрыхтаванага катэхета з’яўляецца вельмі важнай і ад яе залежыць эфектыўнасць працэсу катэхізацыі.

Служэнне катэхета павінна адзначацца хрыстацэнтрызмам і экклезіяцэнтрызмам. Гэта азначае, што на прешым месцы павінен знаходзіцца Хрыстус і Касцёл. Для гэтага неабходна іх пастаянная біблійная і тэалагічная фармацыя, а таксама знаёмасць сацыяльнага кантэксту, у якім яны служаць і ў якім жывуць вучні.

5.      Для лепшай эфектыўнасці катэхізацыі дзяцей, неабходна думаць і аб парафіяльнай катэхізацыі. Вучні з’яўляюцца часткай парафіі і якой ёсць парафія, такімі будуць і яны. Таму ў пастырскіх праграмах парафій неабходна звярнуць большую ўвагу на агульную катэхезізацыю ўсіх вернікаў. У некаторых краінах перад або пасля св. Імшы ў нядзелю адбываюцца дзесяці-пятнаццаці мінутныя катэхізацыі, што вельмі добра ўплывае на рэлігійную фармацыю вернікаў.

Ахілесавай пятой нашага пастыртва з’ўляецца катэхізацыя сям’і. Касцёл вельмі моцна занепакоены яе рэлігійна-маральным станам. Удзел бацькоў у рэлігійным выхаванні дзяцей малее з кожным годам. Яны задаволены тым, што святары, законныя сёстры ці катэхеты падрыхтуюць дзяцей да Першай споведзі і камуніі і ім ня трэба аб нічым клапоціцца. Гэта вялікая памылка. Яблыка не падае далёка ад яблыні. Бацькі для дзяцей з’яўляюцца найбольшым аўтарытэтам. І калі дзеці не бачаць як і іх бацькі моляцца, спаяшаюцца ў нядзелю да касцёла, прыступаюць да споведзі і камуніі, то грош цана ўсім старанням Касцёла.

Таму паўстае лагічнае пытанне, ці сям’я яшчэ з’яўляецца галоўным выхавацелем дзяцей і моладзі, а Касцёл ёй дапамагае? Касцёл усё больш заўважае недахоп гэтага, так важнага партнёра, у справе фармацыі дзяцей і моладзі, якім павінны быць бацькі. Таму таксама патрэба і іх катэхізацыя.

6. Трэба памятаць і аб тым, што катэхізацыя – гэта не толькі вучэнне малітве Ойча наш, Сімвалу веры, галоўным праўдам веры, але таксама і вельмі адказная праца ў галіне маральнага выхавання маладога пакалення. Ці ёсць у тым штосьці кепскага, што на лекцыях катэхезы дзеці і моладзь вучацца адказнасці, працавітасці, праўдамоўнасці, пашаны старэйшых, любові бліжняга і г.д.?

Так, сапраўды, падчас катэхізацыі дзеці вучацца малітвы Ойча наш, Дэкалагу, Святога Пісання і г.д. Але без гэтага не магчыма выхаваць сумленнага чалавека, які будзе думаць катэгорыямі супольнага дабра ў духу адказнасці перад гісторыяй і Богам. У сферы базавых каштоўнасцяў, якія перадаюцца маладому пакаленню, таксама павінны быць маральныя, бо яны спрыяюць яго выхаванню да поўні чалавецтва.

7.      Дарагія браты і сёстры!

Катэхізацыя – гэта шанец выхаваць новае пакаленне тых, якія будуць добрымі вернікамі і сумленнымі грамадзянамі нашай краіны. Мы ўсе, святары, кансакраваныя асобы, катэхеты, бацькі і вучні, не ўпусцім яго і выкарыстаем як найлепш; выкарыстаем для таго каб маладое пакаленне будавала сваю будучыню і будучыню нашай Бацькаўшчыны на хрысціянскіх каштоўнасцях.

На пачатку слова «катехеза» азначала «клікаць зверху» і таксама «выклікаць рэха». Пазней яно прыняло значэнне «павучаць», калі голас настаўніка з’яўляецца свядомым рэхам пытання вучня, а адказ вучня – рэхам настаўніка. Гэта апошняе выясненне з’яўляецца вельмі важным, бо ўказвае на тое, што павучэнне, якім з’яўляецца катэхеза, ажыццяўляецца не толькі аднабокава, як лекцыя, але таксама шляхам размовы, праз пытанні і адказы, – вучыць св. Ян Павел II (пар. http://www.kerygma.pl/katecheza).

Няхай тады ў новым 2015/2016 катэхетычным годзе гэтае рэха гучыць як мага мацней і няхай вядзе да такога пазнання праўдаў нашай веры, каб яна стала вядучай сілай нашага грамадства.

На гэты шлях, давяраючы ўсіх вас апецы Марыі, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, +і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 15 жніўня 2015г.

Урачыстасць Унебаўзяцця

Найсвяцейшай Панны Марыі

 

 

Прочитано 1818 раз Последнее изменение Вторник, 01 Сентябрь 2015 11:01

Наведвальнікі

3590381
Сёння
Учора
За тыдзень
Мінулы тыдзень
За месяц
Мінулы месяц
Усяго
1134
1245
8183
3566472
30473
48692
3590381
Your IP: 54.167.18.170
Server Time: 2018-11-15 19:23:31
Счетчик joomla

Нашы сябры

 mkby3

kkbb

rvby

3

  Copyright © 2018 Парафія Маці Божай Бялыніцкай г. Горкі  Усе правы абаронены.