^Наверх

Суббота, 29 Ноябрь 2014 20:48

Пасланне Мітрапаліта на Адвент 2014

Автор 
Оцените материал
(0 голосов)

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

АДВЭНТ – ЧАС БОЖАЙ ІНТЭРВЕНЦЫІ

Пастырскае пасланне на Адвэнт 2014

З Новым Годам!

Глыбокапажаваныя браты і сёстры, гэта не памылка, бо сёння Каталіцкі Касцёл распачынае новы Літургічны год, распачынае яго Адвэнтам, як часам чакання.

Жыццё чалавека пазначана чаканнем. Бацькі чакаюць калі народзіцца дзіця. Дзіця чакае калі вырасце і пойдзе ў школу. Малады чалавек чакае калі закончыць універсітэт, знойдзе добрую працу, распазнае свае пакліканне заснаваць сям’ю ці пасвяціць сябе служэнню Богу і людзям у якасці святара ці кансэкраванай асобы. Мы чакаем аўтобуса ці цягніка; хоць і не бачым іх, аднак верым у тое, што прыедуць.

Звычайна ў нашай свядомасці Адвэнт злучаны з часам падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Не адмаўляючы праўдзе гэтага сцверджання, трэба сказаць, што Адвэнт – гэта час чакання на другое прыйсце Хрыста.

Першы гістарычны Адвэнт завяршыўся больш за 2000 гадоў таму, калі ў Бэтлееме нарадзіўся Збаўца свету. Пасля выканання даручанай Езусу Яго нябесным Айцом місіі, Ён узнёсся на неба, дзе сядзіць праваруч Бога Айца. Аднак Ён паабяцаў, што прыйдзе другі раз на прыканцы часу, каб судзіць жывых і памерлых. Калі гэта адбудзецца, мы не ведаем. Гэта Божая таямніца. Але мы павінны быць гатовы на другое прыйсце Хрыста.

Езус прыйдзе нечакана, як нечакана прыходзіць зладзей. Той, хто чувае, не будзе абкрадзены і не страціць нічога з таго, што мае. Падобна адбываецца і з нашым жыццём. Мы заўсёды павінны чуваць і быць падрыхтаванымі на другое прыйсце Хрыста. Таму час нашага жыцця на гэтай зямлі – гэта час Адвэнту, час чакання і падрыхтоўкі на спатканне з Езусам.

Падчас Літургічнага году мы разважаем таямніцы нашага збаўлення. І гэтыя разважанні распачынаем перыядам Адвэнту, у якім апостал Павел заклікае нас абудзіцца са сну (пар. Рым 13, 11-12), каб не праспаць спаткання з Езусам. Таму кожны Адвэнт становіцца як быццам новай магчымасцю і новым стартам у нашым духоўным жыцці. Ён павінен стаць часам духоўнай перамены і новага працверджання нашай прыналежнасці Богу.

Чалавек, абудзіся і будзь падрыхтаваным! Гэта лейтматыў Адвэнту. Калі мы будзем спаць і будзем не падрыхтаванымі да спаткання з Езусам, то можам апынуцца ў сітуацыі падобнай да тых людзей, якія падчас патопу не знайшліся ў чаўне Ноя. Яны смяяліся з Ноя, які будаваў човен там, дзе не было мора. Ной не спаў, ён чуваў і слухаў Бога. Дзякучы гэтаму ён і яго сям’я былі ўратаваны, у той сам час калі іншыя загінулі (Быц 6, 9 – 8, 19).

Падобна можа быць і ў наш час, калі чалавек адыходзіць ад Бога, то хвалі шторму грахоўнага мора могуць яго затапіць. Можа не адзін кажа, на што мне марнаваць час на малітву, рэкалекцыі, духоўныя разважанні і г.д. Можа некаторыя смяюцца з таго, што Касцёл заклікае не паддавацца шаленству пануючай у сучасным свеце культуры шоппінгу і спажывецтва, якая асабліва праяўляецца перад святам Нараджэння Хрыста, а займацца духоўнымі справамі.

На сам рэч гэта вельмі вялікая праблема, бо ў свядомасці многіх сучасных людзей Адвэнт з’яўляецца нейкім перапынкам у руціне звычайнага жыцця чалавека. Уплыў сэкулярнай культуры так моцны, што задоўга да Адвэнту нашыя магазіны перапоўнены рэкламамі Божага Нараджэння і ўсё з адной мэтай, каб прадаць як мага больш і на гэтым зарабіць. Адвэнт, замест таго, каб быць часам духоўнай падрыхтоўкі да Божага Нараджэння, становіцца часам марафонскага бегу па магазінах і безсэнсоўнага шоппінгу, які, як выдаецца, да канца завалодаў думкамі людзей і ў якім многія бачаць сэнс свайго жыцця. Такая сітуацыя вядзе да таго, што Адвэнт, замест быць часам духоўнага адраджэння, становіцца часам для нас саміх, для заспакаення нашых чыста чалавечых спажывецкіх і прыемных амбіцый.

Не гледзячы на ўсё гэта, мы павінны быць падобнымі да Ноя. Як ён даверыўся Богу, таксама і мы павінны мець моцную веру. Нам неабходна знаходзіцца ў чаўне Пятра, якім ёсць Касцёл, і з вераю чакаць другога прыйсця Хрыста. Нам неабходна рыхтавацца, каб спаткаць прыходзячае боскае святло і дазволіць яму асветліць самыя цёмныя закамаркі нашага жыцця.

Сёння мы запальваем першую адвэнтавую свечку і распачынаем чатырохтыднёвае адвэнтавае падарожжа, якое нас чакае перад святам Божага Нараджэння, калі мы ізноў будзем адзначаць нараджэнне Святла, якое ўжо два тысячагоддзі асвятляе свет. Запаленая свечка – гэта сімвал святла Хрыста. У нашым жыцці мы часта прабываем у цемры нашых праблем, асабістых ці сямейных. Ня рэдка нас прыгнятае хвароба ці канфлікты ў працы і штодзённым жыцці. У апошнія часы Касцёл моцна заклапочаны сэкулярызацыяй нашага жыцця і адыходам людзей ад Бога, крызісам сям’і, пагаршаючайся дэмаграфічнай сітуацыяй, эканамічнымі і фінансавым праблемамі, пераследам хрысціян у многіх краінах свету, тэрарыстычнымі актамі і войнамі, асабліва ў нашых паўднёвых суседзяў ва Украіне, нечкана зваліўшайся на чалавецтва эпідэміяй Эболы, ад якой няма лекаў, і г.д.

Здаецца, што куды б ні паглядзеў, паўсюды пануе цемра. Аднак цемру свету 2000 гадоў таму разсвятліў Езус. Неабходна толькі адкрыцца на Яго святло і дазволіць асвяціць наш жыццёвы шлях. Таму мы распачынаем наша адвэнтавае падарожжа з надзеяй, што святло Хрыста разсветліць нашы душы.

Калі мы знаходзімся ў цемры, то вельмі важным з’яўляецца накіроўвацца ў напрамку святла, якое прабівае цемру і вядзе ў новае жыццё. Трэба чуваць і глядзець на гэтае святло, каб не заблудзіцца.

Першае сённяшняе чытанне з кнігі прарока Ісаі распавядае аб завяршэнні нашага адвэнтавага падарожжа. Гэта магічны вобраз народаў, якія імкнуцца на Божую гару. Гэтай гарой з’яўляецца Касцёл – дом Божы. Добрай традыцыяй ёсць тое, што ў Адвэнце людзі з знічамі спяшаюць з самога ранка на Раратнюю Імшу. Візія прарока Ісаі павінна стаць рэальнасцю нашага жыцця. Мы павінны спяшаць на гару Пана – у Касцёл – на раратнія і іншыя набажэнствы, на адвэнтавыя рэкалекцыі, на традыцыйнае чуванне моладзі ў архікатэдры, на пакутныя набажэнствы і г.д.

Як прыгожа, калі людзі спяшаюццца да касцёла, як месца спаткання чалавека з Богам, каб у іх душах запанаваў супакой, каб яны перакавалі мячы на плугі, а дзіды на сярпы (пар. Іс 2, 4). Адвэнтавыя традыцыі дапамагаюць нам на гэтым шляху і іх неабходна падтрымліваць і развіваць.

Што новага ў наша жыццё прыносіць Адвэнт? У складанай сітуацыі сучаснага свету, з якой, як часам здаецца, няма выйсця неабходна Божая інтэрвенцыя, якая дасць новую надзею. Менавіта гэта надзея дапаможа нам жыць адвэнтавым чуваннем. Як надзея здаць экзамен матывуе студэнта вучыцца, таксама і надзея змяніць жыццё і зрабіць яго больш чалавечым, заклікае нас да чування, гэта азначае да жыцця паводле Божага закону, каб спыніць грахоўныя штормы нашага жыцця.

Гісторыя Ізраэльскага народу, гісторыя Марыі, святога Юзафа, Альжбеты, Яна Хрысціцеля і многіх іншых персанажаў як Старога, так і Новага Запавету, а таксама хрысціянства – гэта гісторыя Божай інтэрвенцыі і яе прыняцця. Бог урываецца ў наша жыццё і кажа: “Вось я. Што ты хочаш са мной зрабіць?” Святыя прынялі Бога ў сваё жыццё, каб Ён змяніў яго. Мы павінны паступаць падобным чынам.

У Адвэнце мы павінны дазволіць Богу ажыццявіць Яго інтэрвенцыю ў нашы душы. Гэта не вайсковая інтэрвенцыя, якой усе баяцца, але інтэрвенцыя духа. Ці мы маем намер даць час Богу, каб пераарынтаваў наш жыццёвы шлях у напрамку прыходзячага Езуса? Ці дазваляем Яму пранікнуць у нашы сэрцы, каб мы змаглі быць Хрыстом адзін для аднаго? Прыходзіць час перамены нашага жыцця і нам неабходна яго выкарыстаць.

Сённяшнія чытанні – гэта праграмма Адвэнту, гэта Божая прапанова кожнаму з нас, найперш для таго, каб Езус сваёй ласкай увайшоў у нашы душы. Таму, дарагі брат і сястра, учыні распачынаючыся Адвэнт часам твайго духоўнага адраджэння, адчыні дзверы свайго сэрца і дазволь Езусу ўвайсці ў яго самыя цёмныя закамаркі, каб Ён вычысціў твой духоўны дом ад усялякай грахоўнай нячыстасці і ўчыніў цябе ўдзельнікам Яго абяцанняў.

У кожным літургічным перыядзе Бог адорвае нас сваёй спецыяльнай ласкай. Таксама адбываецца і ў Адвэнце. І гэту магчымасць неабходна выкарыстаць. Калі Адвэнт ператвараенцца толькі ў час шоппінгу, купляння падарункаў, то гэта не што іншае як падменьванне яго духа і нішчэнне хрысціянскіх традыцый. Гэта чарговы ўдар у святое аблічча Езуса і чарговая Яго здрада. На Божае Нараджэнне існуе толькі адзін сапраўдны падарунак, якога нельга купіць у самым найлепшым буціку, гэта – ласка Езуса. Мы яе можам атрымаць дарма. Неабходна толькі звярнуцца да Езуса. Таму час Адвэнту павінен быць часам з Богам, каб атрымаць гэты найбольш каштоўны падарунак.

Сёння ў Паўсюднім Касцёле распачынаецца Год кансэкраванага жыцця, якое займае асаблівае месца ў яго жыцці і паслузе. Праз розныя харызмы законннікі і законніцы прымаюць актыўны ўдзел у новай евангелізацыі, якая з’яўляецца галоўным заданнем Касцёла на сучасным этапе яго развіцця. Касцёл на Беларусі ўдзячны кансэкраваным асобам у яго адраджэннні пасля трох пакаленняў ганенняў. Без дапамогі манаскіх супольнасцяў, якія актыўна ўдзельнічаюць у пастырскай і дабрачыннай дзейнасці Касцёла, многа ўвагі пасвячаюць хрысціянскаму выхаванню моладзі і дзяцей, не магчыма было б прадставіць сабе яго развіццё.

Вернасць харызмам сваіх заснавальнікаў і жыццё паводле евангельскіх радаў чысціні, убогасці і паслухмянасці законнікаў і законніц з’яўляецца адказам на многія выклікі нашага часу, асабліва спажывецтва і шукання амаральных прыемнасцяў, і дапамагае на шляху вяртання да Бога.

Будучы год у пастырскай праграме Каталіцкага Касцёла на Беларусі ў межах падрыхторўкі да Юбілею стагоддзя фацімскіх аб’яўленняў прысвячаецца пакаянню. Кансэкраванае жыццё вельмі добра ўпісваецца ў тэму пакаяння, бо на першым месцы ставіць Бога і евангельскія рады.

Калі Езус уваходзіў у Ерузалем у апошні раз, то плакаў, таму што жыхары гэтага горада, які павінен быў быць Божым, не пазналі часу іх наведвання (пар. Лк 19, 41-42). Яны размінуліся з прыходзячай да іх Божай ласкай.

Ці мы гатовы пазнаць час прыйсця Езуса, які наведвае нас у сваім слове, сакрамэнтах і дзейнасці Касцёла? На гэтае пытанне кожны павінен адказаць асабіста. Нам не дазволена не пазнаць часу Яго наведвання, размінуцца з Ім і не выкарыстаць новы шанец для нашага навяртання. Выкарыстоўваючы словы святога Яна Хрысціцеля, мы павінны спытаць сябе саміх ці рыхтуем дарогу прыходзячаму Пану (пар. Лк 3, 4)? Адвэнт – гэта час, у якім Езус прыйдзе да нас, калі мы Яму дазволім гэта ўчыніць. Калі мы гэтага яшчэ не ўчынілі, то распачнём цяпер, не адкладваем гэтай справы на заўтра, бо заўтра распачынаецца сёння.

Каб атрымаць ласку, якую Бог прапануе нам у Адвэнце, нам неабходна найперш паставіць Бога на першае месца ў нашым жыцці. Калі Бог не знаходзіцца на першым месцы, то мы свядома адказваемся ад Божай ласкі, якую Ён нам прапануе. Гэта адбываецца ў сітуацыі калі людзі стараюцца запоўніць духоўную пустэчу матэрыяльнымі рэчамі і прыемнасцямі, а не Божым духам, у выніку чаго яны ніколі не застаюцца задаволенымі. Нам трэба памятаць, што ні што і ні хто акрамя Езуса і Ягонай ласкі не зможа запоўніць пустэчы чалавечага сэрца.

Для гэтага неабходна дазволіць Богу ўвайсці ў найбольш цёмныя месцы нашага жыцця, у тыя расколіны нашай душы, якія вядомы толькі нам і Яму. Не дастаткова задаволіцца толькі касметычным рэмотам. Гэта азначае, што не дастакова толькі заклеіць ці затынкаваць рашчэліны, бо грэх як вада трапіць туды і мароз амаральнага жыцця разарве іх ізноў. Трэба дазволіць Езусу грунтоўна нас аднавіць, занава ўчыніць дзяцьмі Божымі, і такім чынам залячыць раны нашай душы, каб там не было трэшчынаў. Для ажыццяўлення гэтага неабходна дазволіць Яму рэалізаваць Яго любоў да нас.

Давяраючы ўсіх вас апецы Марыі – Маці адвэнтавага чування – аб усяго сэрца на гэты шлях чувння, адкрыцця на дзеянне Божай ласкі і духоўнага адрадждэння благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 23 лістапада 2014 г.

Урачыстасць Хрыста Валадара сусвету

P.S.     Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Пасланне вернікам

30 лістапада 2014 г. у першую нядзелю Адвэнта.

Прочитано 1813 раз Последнее изменение Суббота, 29 Ноябрь 2014 20:51

Наведвальнікі

4573317
Сёння
Учора
За тыдзень
Мінулы тыдзень
За месяц
Мінулы месяц
Усяго
1067
3156
1067
4551938
21379
79930
4573317
Your IP: 3.95.131.208
Server Time: 2019-12-08 06:13:05
Счетчик joomla

Нашы сябры

 mkby3

kkbb

rvby

3

  Copyright © 2019 Парафія Маці Божай Бялыніцкай г. Горкі  Усе правы абаронены.