^Наверх

Воскресенье, 16 Ноябрь 2014 09:54

20 лістапада – успамін св. Рафала Каліноўскага, які жыў і вучыўся ў Горках.

Автор 
Оцените материал
(0 голосов)

Любоў Бога і бліжняга — гэта агонь, што ачышчае і выпрабоўвае кожнага чалавека, які ўсім сваім жыццём прагне адказаць на дар паклікання. 20 лістапада Касцёл ушаноўвае св. Рафала Каліноўскага, які быў непасрэдным чынам звязаны з нашым горадам.

 

 

rafal1Юзаф Каліноўскі, вядомы нам як святы айцец Рафал ад святога Юзафа, нарадзіўся 1 верасня 1835 года ўВільні ў сям’і Андрэя Каліноўскага і Юзэфы Палонскай, што жылі ў даўнім дворыку дамініканаў пры кляштары і касцёле Святога Духа. На дзевяты дзень пасля нараджэння бацькі ахрысцілі сваё другое дзіця ў парафіяльным касцёле святога Яна — да 1832 года, калі ліквідаваліВіленскі універсітэт, гэта быў акадэмічны касцёл.

Згадаем, што род Каліноўскіх праўдападобна бярэ пачатак у XVI ст. ад Адрыяна, сына Андрэя. У палове XVII ст. Каліноўскія мелі маёнтак у Калінаве, у Бранскім павеце (на гродзенскай зямлі). З гэтага маёнтка ў XVIII ст. была вылучаная Калінаўка, дзе і пасяліліся продкі святога Рафала. У 1773 годзе Каліноўскія страцілі маёнтак, а дзядуля айца Рафала, Юры Каліноўскі, пасяліўся ў Гродна, дзе 10 снежня 1805 года нарадзіўся Андрэй Каліноўскі. Пасля атрымання адукацыі ў сям’і, што практыкавалася сярод шляхты, Андрэй паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага універсітэта. На той час гэта была адна з найбуйнейшых навучальных установаў у Еўропе. Там ён пазнаёміўся з многімі вядомымі людзьмі, якія паўплывалі на яго рознабаковае фармаванне. Пасля заканчэння навучання Андрэй Каліноўскі пасяліўся ў Вільні і пачаў працаваць настаўнікам матэматыкі ў ІІ Віленскай гімназіі і з 1841 года ў Шляхецкім інстытуце. Маючы 27 гадоў, Андрэй у 1832 годзе ўзяў шлюб з Юзэфай Палонскай, старэйшай дачкой Юзафа Палонскага, уладальніка маёнткаў Каралін і Новікі ў Мінскім павеце. Ён быў натарыусам Радзівілаўскай камісіі, якую цар Аляксандр І стварыў для вырашэння ўласніцкіх спрэчак і задавальнення дамаганняў крэдытораў, якія датычылі вялікага спадку памерлага ў 1813 годзе князя Дамініка Гераніма Радзівіла. Юзаф Палонскі меў дзве дачкі і двух сыноў ад першага сужэнства. Калі Палонскі выдаў дачок замуж і аўдавеў, ён аддаў сваю маёмасць сынам, а сам перасяліўся ў вёску Мусічы (на Случчыне). Нейкі час арандаваў таксама маёнткі ў Гольчыцах і Балотчыцах (таксама на Случчыне). Паўторна ажаніўся з Каралінай Чарніхоўскай, з якою меў сына Люцыяна — равесніка і сябра святога Рафала. Менавіта Мусічы стануць месцам летняга адпачынку дзяцей Каліноўскіх.

Андрэй Каліноўскі і Юзэфа Палонская мелі яшчэ сына Віктара, які нарадзіўся ў 1833 годзе. На жаль, праз некалькі дзён пасля яго нараджэння Юзэфа Палонская памерла ад сухотаў. Дзецьмі і хатай пачала апекавацца сястра памерлай Вікторыя Палонская, з якой Андрэй Каліноўскі ажаніўся ў 1838 годзе. Ад гэтага сужэнства нарадзілася яшчэ трое дзяцей: Эмілія, Караль і Габрыэль. Неўзабаве пасля нараджэння ў 1845 годзе малодшага сына Вікторыя памерла. Распачаўся цяжкі час для бацькі пяцярых дзяцей, з якіх старэйшы меў толькі 11 гадоў. Нейкі час у выхаванні дзяцей Андрэю дапамагала племянніца Палонскіх Клементына Шаняўская. Праз два гады Каліноўскі ажаніўся з дзевятнаццацігадовай дачкой графа Лаўрэнція Путкамера і Марылі з Верашчакаў Соф’яй, увекавечанай у паэзіі Адама Міцкевіча. Іх шлюб адбыўся ў Беняконях, сямейным маёнтку Путкамераў, а з сужэнства прыбыло яшчэ чацвёра дзяцей: Марыя, Аляксандр, Моніка і Юрась. Соф’я стала для ўсіх дзяцей сапраўднай маці. У сваіх лістах дадому Юзаф, малодшы за яе толькі на восем гадоў, будзе цалкам шчыра звяртацца да яе словамі: «Любая мама». Яна была вельмі рэлігійнай: штодзённа ўдзельнічала ў святой Імшы, часта спавядалася і прымала Камунію, а вечаровыя малітвы чытала да поўначы і даўжэй. Падобны стыль жыцця вёў таксама яе муж. Будучы чалавекам цвёрдага характару, ён вучыў дзяцей сумленнай працы, у тым ліку і над сабою, праўдзівасці, любові да бліжняга і ўвогуле хрысціянскаму жыццю. Як выкладчык у Шляхецкім інстытуце, а пазней выхавацель і ўрэшце дырэктар ён праз штодзённы ўдзел у святой Імшы і багатае сакрамэнтальнае жыццё значна ўплываў на сваё асяроддзе.

Да васьмі гадоў жыцця Юзаф вучыцца дома, а ў 1843 годзе разам са сваім братам Віктарам распачынае навучанне ў Шляхецкім інстытуце, які знаходзіўся насупраць касцёла дамініканаў у даўнім калегіуме, створаным ордэнам піяраў. Гэта была закрытая навучальная ўстанова для дзяцей шляхецкага паходжання, якая рыхтавала моладзь да працы ў дзяржаўнай і ваеннай адміністрацыі, а таксама да вышэйшай адукацыі. Настаўнікі былі розных нацыянальнасцяў, а таксама выпускнікі зачыненага ў 1832 годзе Віленскага універсітэта. Выхаванцы, сярод якіх навучалася шмат дзяцей былых студэнтаў Віленскага універсітэта, мелі добрыя побытавыя ўмовы і строга акрэслены статут. Мовай выкладання была руская і французская. Дбалі таксама і пра рэлігійнае выхаванне. Студэнты сістэматычна прымалі ўдзел у катэхізацыі, у нядзелі і святы — у святой Імшы ў падамініканскім касцёле Святога Духа, хадзілі ў працэсіях, а перад Божым Нараджэннем і Вялікаднем удзельнічалі ў рэкалекцыях. Стан іх рэлігійнага выхавання акрэсліў сам святы Рафал у сваіх успамінах: «З рэлігійнага пункту гледжання нам усяго было ўдосталь, хіба што толькі не хапала нашай добрай волі». Капеланам інстытута і настаўнікам рэлігіі быў айцец Філіп Макшыцкі, дамініканін, сасланы ў глыб Расіі ў 1845 годзе за казанні, у якіх ён асуджаў касацыю кляштараў. Ён аказаў вялікі ўплыў на жыццё выхаванцаў. Юзаф Каліноўскі вельмі старанна вучыўся і пасля сямі гадоў навучання закончыў школу з залатым медалём. У якасці ўзнагароды ягонае імя было выбіта на мармуровай дошцы навучальнай установы.

Пятнаццацігадовы юнак стаў перад неабходнасцю выбару далейшага жыццёвага шляху. Універсітэт у Вільні быў зачынены. Студэнты мелі абмежаваныя магчымасці: пайсці ў рускае войска, паступіць у нейкі універсітэт на тэрыторыі Расіі (звычайна ў Пецярбурзе, Маскве, Харкаве або ў Кіеве) ці вярнуцца ў маёнтак бацькоў. Для жыхароў Літвы навучанне за мяжой было немагчымае. Юзаф частку летніх канікулаў правёў на Случчыне ў сваіх дзядоў Палонскіх, якія таксама спрычыніліся парадаю адносна яго выбару далейшага жыццёвага шляху. Для Каліноўскіх выбар датычыўся абодвух сыноў. Бацька прапанаваў ім навучанне ў Аграрным інстытуце ў Горы-Горках, каля Оршы. Сельскагаспадарчая школа, заснаваная царскім урадам у 1836 годзе і адчыненая ў 1840-м, ператвораная ў 1848-м у інстытут, стала першай у Расіі сельскагаспадарчай вну з правамі універсітэта. Віктар ахвотна згадзіўся, Юзаф жа вагаўся, але не асмеліўся сказаць пра гэта сям’і. Толькі праз нейкі час, апісваючы сваё жыццё, ён прызнаецца, што ў душы меў жаданне паступіць у духоўную семінарыю ў Вільні, аднак яно было не на столькі выразнае, каб ісці за ім. Іншай прычынай неахвоты да сельскагаспадарчага кірунку былі большыя здольнасці да дакладных навук. Нягледзячы на сумненні, вырашыў паспрабаваць.

Абодва браты выехалі ў Горы-Горкі ў 1850 годзе. Жыць далёка ад родных аказалася вельмі нялёгка: трэба было наймаць памяшканне ў габрэяў, якіх на той час у гэтым мястэчку жыло найбольш, на заняткі студэнтам трэба было праходзіць немалы кавалак дарогі, а час, вольны ад інстытута, яны не заўсёды праводзілі прыстойна. У рэлігійным жыцці юнакі таксама былі нядбайныя. У Горках, праўда, быў парафіяльны касцёл, дзе працавалі руплівыя святары, але яны трымаліся далёка ад моладзі мясцовай навучальнай установы. Магчыма, такая сітуацыя паўплывала на рэлігійны крызіс Юзафа Каліноўскага — ён перастаў спавядацца і нерэгулярна прыходзіў на святую Імшу. Ва ўспамінах ён напіша, што, хаця і адчуваў у сабе схільнасць да пабожных практык, такі яго стан будзе доўжыцца амаль дзесяць гадоў. Хутчэй за ўсё, гэта было вынікам яго занадта рацыянальнага падыходу да веры. Першыя два гады навучання ў інстытуце ахоплівалі тэорыю, наступныя два — практычныя заняткі. Юзаф не меў зацікаўлення працаю ў полі і таму пачаў думаць пра змену кірунку навучання. У той час вучыцца ў Пецярбурзе збіраўся родны Каліноўскіх Людвік Палонскі з Мусічаў. Юзаф пераадолеў нясмеласць і сказаў пра свае думкі бацьку, які і так ведаў здольнасці сына.

rafal2У 1852 годзе ў Горы-Горкі вярнуўся толькі брат Юзафа Віктар, а сам Юзаф распачынае новы этап у сваім жыцці: стараецца паступіць у школу дарог і мастоў у Пецярбурзе. Аднак яго не прынялі туды па прычыне адсутнасці месцаў, таму, хацеў ён ці не, але вырашыў ісці вучыцца ў Мікалаеўскую інжынерную акадэмію ў Пецярбурзе і адначасова паступіць у рускае войска. Вучыўся ён вельмі добра, быў дысцыплінаваны, а ўстаў парушыў толькі аднойчы: выйшаў у горад у белых пальчатках, за што быў пакараны трохдзённым арыштам. У часе вучобы шмат чытаў, перадусім кнігі на французскай мове, а таксама рэлігійныя. Ведаў творы Шатабрыяна, Юзафа дэ Мэстра, святога Аўгустына. Добра арыентаваўся ў культурным жыцці, наведваў тэатры і оперу. Час ад часу, але не вельмі актыўна, удзельнічаў у рэлігійным жыцці: слухаў канферэнцыі ў касцёле св. Кацярыны, якія схілялі яго да рэфлексіі і пошуку, аднак, хоць і шукаў дух, усё роўна пакуль яшчэ знаходзіў матэрыю. Аднойчы ён зайшоў у касцёл св. Станіслава і ўжо ўкленчыў перад спавядальняй, але … у ёй не было святара. Юзаф пачаў плакаць у пустым касцёле — гэта не быў яшчэ яго час, ён павінен быў чакаць і ўнутрана сталець.

Першы этап навучання ён скончыў у 1855 годзе з тытулам і ступенню харунжага інжынера, а пазней распачаў вучобу ў афіцэрскіх школьных класах. У пачатку ліпеня 1856 года Каліноўскі атрымаў званне падпаручніка, а праз год, у чэрвені, скончыўшы вучобу, званне лейтэнанта і вырашыў застацца ў Пецярбурзе на працы малодшага навуковага супрацоўніка матэматыкі ў Мікалаеўскай інжынернай школе, хоць гэты занятак не вельмі яму падабаўся. У 1859 годзе ён распачаў працу на будаўніцтве чыгуначнай лініі Адэса–Кіеў–Курск. Яму даручылі распрацоўку трасы на адрэзку Курск–Канатоп. У пачатку красавіка 1859 года ён накіроўваецца ў Курск. Пасля Вялікадня распачынаецца шасцімесячная вандроўка па балотах і бездарожжы, але менавіта тады ён меў шмат часу на чытанне і разважанні. У лісце да брата і яго жонкі Юзаф прызнаваўся: «Няспынная праца над сабой, далёка ад людзей, здзейсніла ўва мне вялікую перамену на лепшае. Я распазнаў велізарную патрэбу ўсталяваных рэлігійных паняццяў і канчаткова да іх звярнуўся». Унутраную перамену ён прыпісваў уплыву «Споведзі» св. Аўгустына, твора, які ён чытаў ужо не адзін раз. У гэты час Юзаф аднавіў набажэнства да Маці Божай дзякуючы малітоўніку, які пазычыў у свайго памочніка, суайчынніка з Вільні. Восенню, пасля заканчэння працаў, Каліноўскі вярнуўся ў Пецярбург. Летам 1860 года ён узяў адпачынак: спачатку быў у Студзёнках каля Нясвіжа, дзе жыў ягоны брат Віктар у маёнтку сваёй жонкі Марыі (Масі) з Грушэцкіх, а потым быў у Вільні.

Па прычыне адсутнасці фінансаў працы па будаўніцтве чыгуначнай лініі былі спыненыя. Каліноўскі папрасіў перавесці яго ў Брэсцкую крэпасць, куды ён прыбыў у пачатку лістапада 1860 года. Яму даручылі кіраваць капаннем фундамента пад парахавы склад. «Споведзь» св. Аўгустына і разважанні прывялі Юзафа да пераканання, што ён павінен прысвяціць сваё жыццё служэнню людзям. Ён свядома адмаўляецца ад сужэнства. У Брэсце Юзаф заўважыў вельмі шмат пакінутай моладзі, без належнага выхавання і апекі. Ён пачаў апекавацца хлопцам Людвікам, якому было больш за дзесяць гадоў, і стаў для яго амаль бацькам. У 1861 годзе Юзаф адкрыў нядзельную школу для рамеснікаў. Ён не мог далей заставацца ў царскім войску, бо ягоныя браты далучыліся да Студзеньскага паўстання. У маі 1863 года ён дэмабілізаваўся з войска па прычыне здароўя. Вярнуўся ў Вільню і распачаў працу настаўніка геаметрыі ў гімназіі. У гэты ж час Юзаф падтрымліваў кантакты з кіраўнікамі паўстання.

Важным днём у жыцці Юзафа Каліноўскага была ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, 15 жніўня 1863 года, калі ў касцёле місіянераў ён укленчыў перад краткамі спавядальні і пераадолеў апошнія ўнутраныя ваганні. Ужо пазней, пасля доўгага часу, у сваіх успамінах пра тую споведзь ён напіша: «Што Богу было ўгодным здзейсніць у маёй душы ў хвіліны, якія я правёў каля ног спаведніка, можа зразумець толькі той, хто падобныя хвіліны зведаў». З гэтага моманту і штотыднёвая споведзь, і частая святая Камунія, і ўдзел у святой Імшы ў касцёле бэнэдыктынак будуць здзяйсняць у ім далейшую перамену і падрыхтуюць да наступнага выпрабавання. Юзаф Каліноўскі хацеў уступіць у ордэн капуцынаў, але не паспеў рэалізаваць свае планы. На другі дзень пасля выканання прысуду адносна Кастуся Каліноўскага, 24 сакавіка 1863 года, быў арыштаваны і Юзаф Каліноўскі. Яго пасадзілі ў былы дамініканскі кляштар, перароблены ў турму. За ўдзел у паўстанні ўжо былі пакараныя браты Юзафа: Віктар, Караль і Габрыэль. З вязніцы ён напіша свайму бацьку ліст з просьбай прабачыць яго за ўсё, што пашкодзіла сям’і. Ён просіць Бога аб суцяшэнні для блізкіх і вытрымцы для сябе. 2 чэрвеня 1864 года яму абвясцілі прысуд: смяротнае пакаранне праз расстрэл. Гэтую вестку ён прыняў спакойна. Рыхтуючыся да смерці, ён паспавядаўся і прыняў святую Камунію. Аднак сям’я выкарыстала ўсе магчымасці, каб адмяніць смяротнае пакаранне. Камендант Вільні, генерал Аляксандр Вяткін, прасіў пра гэта Мураўёва, і ў выніку Каліноўскага асудзілі на 10 гадоў ссылкі ў Сібір.

11 ліпеня 1864 года ў жыцці Юзафа распачынаюцца доўгія рэкалекцыі, спалучаныя з фізічнай працай і духоўнай працай над сабой. Пазбаўлены шляхецкіх правоў і матэрыяльных дабротаў, з сабой у дарогу ён бярэ крыж, Новы Запавет, кніжачку Тамаша Кэмпійскага «Следам за Хрыстом» і фотаздымкі блізкіх яму людзей. Чыгунка, якой у дзяцінстве і юнацтве ён ахвотна ездзіў да родных у вёску, якую некалі з энтузіязмам будаваў, цяпер вырве яго з Вільні і павядзе туды, куды ён не хацеў, у глыб Расіі. Па дарозе ва Усолле (каля Іркуцка), якая заняла восем месяцаў, падчас прыпынкаў, дзе толькі гэта было магчыма, Юзаф удзельнічаў у набажэнствах, спавядаўся і прымаў святую Камунію.

Ва Усоллі знаходзіліся саляныя крыніцы і варніцы, дзе працавалі ссыльныя. Там Каліноўскі сустрэў шмат знаёмых з Літвы, у тым ліку Якуба Гейштара, Аляксандра Аскерку і Фелікса Зянковіча. У адным бараку мясцілася каля ста вязняў, што вельмі ўскладняла жыццё, асабліва рэлігійнае. У горадзе быў парафіяльны касцёл, які наведвалі таксама ссыльныя. Для Каліноўскага, які думаў пра ўступленне ў ордэн, новая жыццёвая сітуацыя была, між тым, магчымасцю для вучобы. Ён чытаў філасофскія і тэалагічныя кнігі. Згадаем, што сярод сасланых было вельмі шмат інтэлігенцыі, а таксама святароў. Неаднойчы баракі ператвараліся ў чытальню, выкладчыцкую аўдыторыю або дыскусійны клуб. Ва Усоллі Юзаф Каліноўскі развіваў сваё жыццё малітвы, разумеючы, што гэта найкаштоўнейшы дар, які заўсёды ёсць у чалавеку. Ён пісаў сваім родным: «Свет можа пазбавіць мяне ўсяго, аднак застанецца адно сховішча, недаступнае яму, — малітва. У ёй можна змясціць мінулае, сучаснасць і будучыню ў постаці надзеі. Божа, якім скарбам надзяляеш тых, хто Табе давярае!».

У лагеры Юзаф быў абраны адным з суддзяў. Гэта дадавала яму працы, бо колькасць сасланых павялічвалася і ўзнікалі розныя спрэчкі. Стараўся дапамагаць іншым і фізічна: займаўся ўборкаю, вырошчваннем зеляніны ў мясцовым гародчыку і г.д. Сіла волі і моц духу Каліноўскага былі для яго таварышаў па нядолі палёгкаю і апораю. Ён дапамагаў ссыльным вырашаць розныя праблемы, для дзяцей і моладзі арганізоўваў нядзельныя школы. Усе бачылі ў ім увасабленне справядлівасці, стойкасці і вернасці. У нейкай ступені святога Рафала Каліноўскага можна назваць пачынальнікам апостальства свецкіх вернікаў. Ён жа замяніў святароў і духоўных кіраўнікоў тым, хто быў іх пазбаўлены. Выкладаў матэматыку, фізіку і іншыя дакладныя прадметы. Удасканаліў свае веды па лацінскай, англійскай, французскай мовах, што ў далейшым паспрыяла яго жыццёвай стабільнасці. Можна сказаць, што стыль яго жыцця быў аскетычным, і гэта выклікала пашану сібіракоў, хоць былі і такія, хто высмейваў яго.

Ссыльныя ў сваіх малітвах дадавалі ў Літанію да Усіх Святых заклік: Дзеля заслугаў Каліноўскага, выслухай нас, Пане. Калі царскія ўлады за тайныя рэлігійныя дзеянні забралі з Усолля святароў, вывозячы іх у Тунку, духоўнай апорай ссыльных стаў Юзаф разам са старцам кс. Стулгінскім, якому ён дапамагаў у канспірацыйных набажэнствах. Ва Усолле з Іркуцка прыязджаў марыянін кс. Крыштаф Шварніцкі, таксама ссыльны, парафія якога ахоплівала ўсю ўсходнюю Сібір. Менавіта ён умацаваў Юзафа ў пастанове прысвяціць сябе Богу.

У ліпені 1868 года царская амністыя дазваляе ссыльным перасяляцца ў розныя мясцовасці Сібіры. Юзаф выбраў Іркуцк, бо там была парафія, у якой працаваў кс. Шварніцкі, аднак нейкі час ён яшчэ прабыў ва Усоллі, каб падрыхтаваць некалькі дзяцей да Першай Камуніі, спадзеючыся на прыезд святара. У Іркуцку Юзаф прабыў чатыры гады. У гэты час ён працаваў у парафіяльнай школе, займаўся выхаваннем у прыватных дамах, а кс. Шварніцкі дазволіў яму нейкі час жыць на плябаніі. Штодзённа раніцай Юзаф удзельнічаў у святой Імшы, доўга маліўся ў касцёле, штодзённа прымаў святую Камунію. Ад ксяндза пробашча ён атрымаў «найцудоўнейшую кнігу» — брэвіярый, які стаў яму заўсёдным спадарожнікам у жыцці.

У Іркуцку Юзаф Каліноўскі быў заўважаны Сібірскім аддзелам Таварыства геаграфіі, якое праводзіла прыродазнаўчыя даследаванні ў раёне Байкала. Тады ён пазнаёміўся і пасябраваў са славутым прыродазнаўцам, заолагам і ўрачом Бэнэдыктам Дыбоўскім, які, дарэчы, нарадзіўся ў маёнтку Адамарын, каля Маладзечна. Пад канец 1870 года Каліноўскі ўключыўся ў метэаралагічныя назіранні, а летам наступнага года разам з Дыбоўскім правёў «канікулы» на даследніцкай станцыі ў Култуку, вёсцы на беразе Байкала. Гэта быў узбагачальны, але і цяжкі час. Каліноўскі вельмі перажываў з-за адсутнасці касцёла і сакрамэнтаў і таму адмовіўся ад прапановы Дыбоўскага накіравацца ў далейшыя даследчыя экспедыцыі. Пасля вяртання ў Іркуцк ён працаваў у парафіяльнай школе і ў прыватных дамах.

У 1872 годзе Юзаф атрымаў дазвол уладаў на выезд у іншую частку Расіі і ў жніўні ён паехаў у Перм, дзе школьны інспектар Аляксандр Арлоў, знаёмы матэматык з Іркуцка, знайшоў яму працу хатняга настаўніка. Гадавое прабыванне ў Пермі дало яму магчымасць наведваць касцёл, жыць на плябаніі і кантактаваць са святарамі. Тут ён таксама пакінуў пра сябе добрае ўражанне. Пробашч Міхал Фішэр пазней пісаў да Юзафа: «Пасля вашага ад’езду мне сумна… Мне было вельмі прыемна з вамі маліцца, чытаць і разважаць». У чэрвені 1873 года, атрымаўшы ад уладаў дазвол на двухмесячны адпачынак, ён накіраваўся ў родныя мясціны, туды, куды рвалася сэрца, але не ў Вільню. Юзаф спачатку наведаў свайго брата Віктара, які жыў з сям’ёй у Студзёнках, каля Гарадзеі, а пазней накіраваўся да бацькоў. Можна сабе ўявіць, што адчувала сэрца сына, які пасля дзесяці гадоў разлукі сустрэўся з роднымі людзьмі. Ягоны малодшы брат Юрась, якому яшчэ не было 14 гадоў, запомніў з гэтай сустрэчы павагу Юзафа і засяроджанасць, а таксама яго няспынную лучнасць з Богам. Юрась у будучыні стане святаром у супольнасці салезіянаў у Італіі.

Потым Юзаф паехаў у Грозаў, недалёка ад Капыля, куды Караль Каліноўскі, які ажаніўся з Мартынай Межэеўскай, дачкой уладальніка маёнтка, перавёз сваіх бацькоў. Сам Караль са сваёй сям’ёй пасяліўся ў недалёкім Гразаўку. У Грозаве найвялікшым болем Юзафа быў заменены на царкву касцёл і тое, што з гэтага вынікала, — паслабленне рэлігійных практык яго блізкіх, якіх ён вельмі любіў. Пра іерархію гэтай любові ён напіша: «Спачатку любоў да Таго, праз Каго я ёсць, пазней любоў да тых, з каго я ёсць, а потым да тых, з кім я ёсць». З дазволу ўладаў ён прабыў у Грозаве чатыры месяцы, пасля чаго накіраваўся ў Смаленск, каб чакаць канчатковага заканчэння ссылкі. Неўзабаве гэты дзень надышоў: яму дазволілі выехаць у Польскае Каралеўства, за выключэннем Літвы і Беларусі.

У красавіку 1874 года Юзаф Каліноўскі прыехаў у Варшаву і затрымаўся ў свайго брата Габрыэля. З вакна ён мог бачыць даўні касцёл кармэлітаў босых. Выхаваны ў ценю кармэліцкай Вострай Брамы, ён хіба і не думаў, што Бог вызначыў яму ролю аднаўлення Кармэлю ў нашай частцы Еўропы...

У верасні Юзаф заняўся выхаваннем князя Аўгуста, сына Уладзіслава Чартарыскага і княгіні Марыі Ампаро, дачкі каралевы Іспаніі Марыі Крыстыны Бурбон. Калі Аўгусту было 6 гадоў, памерла хворая на сухоты ягоная маці. Праз некалькі гадоў бацька ажаніўся з Малгажатай Мэмур, унучкай караля Людовіка Філіпа. Спачатку хлопчык вучыўся ў парыжскім ліцэі імя Караля Вялікага, а потым, па прычыне сухотаў, дома. На працягу трох гадоў Каліноўскі будзе спадарожнічаць Аўгусту ў паездках па Еўропе, клапоцячыся пра інтэлектуальнае і духоўнае, маральнае і фізічнае развіццё хлопца. Дарэчы, бацька Аўгуста хацеў, каб той стаў палітыкам і дзяржаўным дзеячам, аднак ягоны выхаваўца заўважыў, што хлопец да гэтага не імкнецца, і пачаў больш займацца яго рэлігійным выхаваннем. Напэўна, яго ўздзеянне мела ўплыў на будучыню Аўгуста, які, захоплены постаццю кс. Яна Боско, у 1887 годзе паступіў да салезіянаў і памёр як святар гэтай кангрэгацыі ў 1893 годзе. 25 красавіка 2004 года Папа Ян Павел ІІ залічыў яго да ліку благаслаўлёных.

rafal kalinowski 01Падчас прабывання ў Чартарыскіх Юзаф шукаў ордэн, дзе ён мог бы рэалізаваць задуманыя некалі намеры. У 1874 годзе ён адчуў жаданне паступіць да кармэлітаў босых. Магчыма, што на ягоны выбар паўплывала цётка Аўгуста, сястра Ксавэра Чартарыская, кармэлітка босая з Кракава. Уся супольнасць малілася аб аднаўленні адзінага незачыненага кляштара кармэлітаў у Рэчы Паспалітай у Чэрнай, каля Кракава. Нібы адчуваючы ўнутраны неспакой Каліноўскага, сястра Ксавэра выслала яму ў 1876 годзе верш св. Тэрэзы ад Езуса Nada te turbe: «Не трывожся, не дрыжы сярод жыццёвых дарог. Гэта ўсё прамінае, трывае толькі Бог!». Ці гэта яму дапамагло, складана сёння сказаць. Ён пачаў чытаць творы святой Тэрэзы, настаўніцы духоўнага жыцця, а 15 кастрычніка гэтага ж года прыняў канчатковае рашэнне. Уступіўшы ў ордэн, Юзаф прыбыў у дом навіцыяту ў Грацы (Аўстрыя) 15 ліпеня 1877 года, у вігілію патранальнага кармэліцкага свята Маці Божай Шкаплернай. Пасля атрымання дыспэнсаў, неабходных згодна з кананічным правам, і пастулату, які доўжыўся чатыры месяцы, 26 лістапада 1877 года Юзаф атрымаў манаскі габіт і імя брат Рафал ад св. Юзафа. Распачаўся гадавы кананічны навіцыят. Гэты час не быў пазбаўлены пакутаў: памірае яго трыццацігадовая сястра Марыя і неўзабаве бацька. 26 лістапада 1878 года Юзаф склаў першыя шлюбы, пасля чаго вучыўся ў Венгрыі. 27 лістапада 1881 года ён склаў вечныя шлюбы і на наступны дзень выехаў у Кармэль у Чэрнай. Праз месяц, 8 студзеня 1882 года, у прыватнай капліцы арцыбіскупа Альбіна Дунаеўскага, ён атрымаў пасвячэнне ў дыяканы, а праз тыдзень пазней, у Чэрнай — пасвячэнне ў прэзбітэры. У гэтым жа годзе манаскія ўлады прызначылі яго прыёрам супольнасці ў Чэрнай. Айцец Рафал распачынае сваю дзейнасць па аднаўленні Кармэлю ў Рэчы Паспалітай.

Аднова манаскага жыцця значна паўплывала на ажыўленне душпастырства ў касцёле ў Чэрнай, які прыцягваў жыхароў ваколіцаў і блізкага Слёнска. Больш за тое, кармэліты служылі душпастырскай дапамогай суседнім парафіям. Айцец Рафал прысвячаў шмат часу кармэліткам босым, быў іх спаведнікам, а таксама спадарожнічаў правінцыялам і генералам у кананічных візітацыях у якасці перакладчыка і сакратара. Займаўся таксама фундацыямі новых кляштараў кармэлітак босых. У 1885–1888 гг. уваходзіў у раду правінцыі.

Найбольшай праблемай тых гадоў быў недахоп пакліканняў да манаскага жыцця. З гэтай прычыны было прынята рашэнне стварыць ніжэйшую семінарыю ў Вадавіцах. Настаяцелем новай супольнасці быў прызначаны ў 1892 годзе айцец Рафал. Праз два гады ён трэці раз быў абраны прыёрам у Чэрнай. Як і ў мінулыя гады ўвесь ягоны час займала праца ў спавядальні ў Чэрнай і ў кляштарах кармэлітак босых. У 1897 годзе ён другі раз стаў настаяцелем дому ў Вадавіцах, дзе распачалі будаваць касцёл і кляштар. На жаль, ягонае здароўе ўсё больш пагарджалася, таму ў кастрычніку 1898 года ён адмовіўся ад пасады і вярнуўся ў Чэрную.

Гэты час ён прысвяціў справам развіцця кармэлітак босых, паслузе ў канфесіянале, духоўнаму кіраўніцтву і, вядома, малітве ў цішы кляштара. Не абышлося без выездаў. Людзі, якія сустракалі яго ў падарожжах або на вакзале, былі перакананыя ў ягонай святасці: укленчвалі, каб атрымаць благаслаўленне, прасілі аб малітве, задавалі пытанні. Вакол яго можна было пачуць шэпт: святы ідзе. Гэтак жа ўспрымалі айца Рафала і духоўныя асобы. Віленскі біскуп Адам Станіслаў Красінскі, прабываючы на выгнанні ў Кракаве, казаў пра айца Рафала: «Гэты чалавек — святы; калі ён да мяне прыходзіць і цалуе мне руку, я адчуваю сябе ўпакораным гэтым жэстам і ахвотна сам цалаваў бы ягоныя ногі». Нават Кракаўскі біскуп, кардынал Ян Пузына, укленчыў перад збянтэжаным пакорным кармэлітам, просячы благаслаўлення.

Сваё пакліканне айцец Рафал бачыў перадусім у служэбнай любові і прысвячэнні сябе іншым. Маліўся ён так: «Божа, калі я павінен жыць, то ўчыні, каб ужо толькі дзеля Цябе жыў праз учынкі, здзейсненыя з любові да Цябе». Сучаснікі называлі святога Рафала хадзячай малітвай. Ён сам вучыў: «Для таго каб маліцца, трэба мець чыстае сэрца». Найбольшай сферай яго дзейнасці былі споведзь і духоўнае кіраўніцтва. Каліноўскі меў багаты духоўны вопыт — боль душы па адыходзе ад рэлігійных практык, пошукі і радасць навяртання, — таму так актыўна прысвяціў сябе Богу і людзям у канфесіянале. У цэлебрацыі сакрамэнту споведзі ён не меў сабе роўных, таму быў названы мучанікам канфесіяналу. Нягледзячы на стан здароўя, св. Рафал да канца сваіх сіл служыў вялікім натоўпам, якія прыходзілі да яго ўжо на світанні, каб паспавядацца. Пенітэнтаў ён прымаў з любоўю, аднак патрабаваў ад іх рашучасці ў імкненні да святасці. У канферэнцыях пра споведзь ён казаў: «Спавядайся часта, але спавядайся добра!».

Стан яго здароўя настолькі палепшыўся, што ў маі 1906 года ён зноў быў абраны прыёрам у Вадавіцах, дзе на той час ужо знаходзілася семінарыя кармэлітаў. Сам айцец Рафал пераконваў алюмнаў у неабходнасці адукацыі ў сваёй айчыне, у нацыянальных традыцыях, культуры і карыстанні роднай мовай. Улады правінцыі прыслухаліся да ягонай аргументацыі. У Вадавіцах вучыліся таксама кармэліты, якія ў міжваенны перыяд ХХ ст. займаліся душпастырствам у Вострай Браме і Мядзелі.

czernaУ ліпені айцец Рафал быў з правінцыялам на візітацыі кляштараў кармэлітак. Гэта было яго апошняе падарожжа — развітальнае. Пасля вяртання ён служыў у спавядальні, а людзей было ўсё больш і больш. У перыяд Адвэнту ён моцна прастудзіўся ў халодным касцёле і захварэў. Пасля Божага Нараджэння прыняў намашчэнне. Кляштары кармэлітак трывалі ў малітве, Чэрна ахвяравала навэнну аб ягоным здароўі, аднак ён чакаў смерці. У 25-ю гадавіну святарства а. Рафал вельмі пакутаваў. Споўнілася ягонае прагненне з дня пасвячэння, калі ён прасіў Хрыста аб удзеле ў Ягоных муках. Вясной сілы вяртаюцца да яго, але не надоўга. 20 жніўня айцец Рафал апошні раз цэлебраваў святую Імшу, сухоты паклалі яго на ложа смерці. Ён памёр 15 лістапада 1907 года. Праз пяць дзён ягонае цела было перавезена і пахавана на кляштарных могілках у Чэрнай, якія сталі месцам пілігрымавання мноства вернікаў. Ян Павел ІІ беатыфікаваў яго 22 чэрвеня 1983 года ў Кракаве і 17 лістапада 1991 года ў Рыме абвясціў святым.

 

Святы айцец Рафал Каліноўскі не займаўся тэалогіяй як навукаю, але словамі выказваў тое, у што верыў і чаму навучаў. Ён пакінуў пасля сябе Лісты (1723), Сібірскі нататнiк, Успаміны, Канферэнцыі і аскетычныя тэксты, а таксама некалькі артыкулаў і брашураў, выдадзеных пры ягоным жыцці — усяго больш за 2300 друкаваных старонак. Але перадусім ён пакінуў прыклад святасці для святароў, духоўных кіраўнікоў, манахаў, выхаваўцаў, настаўнікаў, вязняў, творчай інтэлігенцыі. Для сучаснага чалавека стаў апекуном і заступнікам у розных жыццёвых сітуацыях: аддаленні ад Бога, пошуках веры, працэсе навяртання, а таксама з’яднання ў веры. Ён гарэў вялікай любоўю да Касцёла і прагнуў яго еднасці, таму ў сваіх малітвах прасіў Бога аб паяднанні хрысціянаў і да такой малітвы заахвочваў іншых. Ён дасканала ведаў дасканала і праваслаўе, і пратэстанцтва. Ён і сёння прамаўляе да нас, калі мы пытаемся пра сэнс жыцця і святасць: «Нам нельга сумнявацца ў тым, што Бог у сваёй міласэрнасці кожнаму вызначыў заданне, якое ён павінен выканаць на гэтым свеце. Калі хочаш стаць святым, стаць дасканалым, будзь верным выканаўцам сваіх абавязкаў».

 

Паводле:

Айцец Аркадзь КУЛЯХА OCD, ЖЫЦЦЁ СВЯТОГА РАФАЛА КАЛІНОЎСКАГА, у: http://media.catholic.by/nv/n42/art3.htm

Прочитано 2222 раз Последнее изменение Воскресенье, 16 Ноябрь 2014 11:05

Наведвальнікі

4508655
Сёння
Учора
За тыдзень
Мінулы тыдзень
За месяц
Мінулы месяц
Усяго
31
1431
10324
4477932
36647
71005
4508655
Your IP: 100.24.115.253
Server Time: 2019-11-15 00:16:16
Счетчик joomla

Нашы сябры

 mkby3

kkbb

rvby

3

  Copyright © 2019 Парафія Маці Божай Бялыніцкай г. Горкі  Усе правы абаронены.