^Наверх

Суббота, 17 Май 2014 23:02

Папа Францішак: Дарам мужнасці трэба карыстацца ў штодзённасці

Автор 
Оцените материал
(0 голосов)

Дар мужнасці з’яўляецца падтрымкай Святога Духа ў штодзённым жыцці, адзначыў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 14 мая. Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаных дарам Святога Духа, Пантыфік засяродзіўся на дары мужнасці.

Зразумець яго глыбокае значэнне, паводле Папы, дапамагае евангельская прыпавесць пра сейбіта: зерне, кінутае ім, дало плён толькі на добрай глебе. “Як сам Езус тлумачыў сваім вучням, гэты сейбіт прадстаўляе Айца, які шчодра сеяў зерне Божага слова. Зерне, аднак, часта сутыкаецца з сухасцю нашага сэрца, і нават, калі прымаецца, рызыкуе застацца бясплённым. Аднак праз дар мужнасці Святы Дух вызваляе глебу нашага сэрца, вызваляе яе ад здранцвення, няўпэўненасці і ўсіх страхаў, якія могуць яго стрымліваць. І так Божае слова мы можам рэалізаваць на практыцы, сапраўдным і радасным чынам”, - сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што дар мужнасці асабліва яскрава і ўзорна праяўляецца ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях, нагадаў пра прыклад шматлікіх мучанікаў, якія і сёння працягваюць без страху сведчыць аб сваёй веры, нават плацячы за гэта самы вялікі кошт. “Падумаем таксама пра людзей, якія маюць цяжкае жыццё, змагаюцца дзеля сваіх сем’яў, выхавання дзяцей. І робяць гэта таму, што дух мужнасці ім дапамагае. Колькі людзей, імёны якіх мы не ведаем, робяць гонар нашаму народу, нашаму Касцёлу сваёй мужнасцю: мужнасцю ў жыцці, сям’і, працы, веры. Гэтыя нашы браты і сёстры – святыя, святыя штодзённасці, схаваныя святыя сярод нас. Яны карыстаюцца дарам мужнасці ў выкананні сваіх абавязкаў: як людзі, бацькі, маці, браты, сёстры, грамадзяне”, - сказаў Папа.

Пантыфік заклікаў памятаць, што дар мужнасці неабходны не толькі ў пэўных своеасаблівых і складаных абставінах; ім трэба карыстацца ў штодзённасці – ён павінен быць фонам нашага быцця хрысціянамі. Паводле Святога Айца, Бог заўсёды дае неабходныя сілы, і трэба памятаць пра гэта.

“Дарагія сябры, часам мы можам сустракацца са спакусай ляноты ці яшчэ горш – роспачы, асабліва перад абліччам жыццёвых цяжкасцяў і выпрабаванняў. У гэтых выпадках не будзем падаць духам, але паклічам Святога Духа, каб дарам мужнасці ўзняў нашы сэрцы і перадаў сілу і энтузіязм нашаму жыццю і наследванню Езуса”, - заклікаў Папа.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, вітаючы пілігрымаў з розных краін свету, Пантыфік звярнуўся да вялікай дэлегацыі, якая прыбыла з італьянскай Сардзініі. Папа адзначыў, што мае добрыя ўспаміны пра мінулагодні візіт на гэты востраў, і падкрэсліў, што памятае пра цяжкія праблемы мясцовых вернікаў і абяцае сваю духоўную блізкасць.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

Прочитано 1781 раз

Наведвальнікі

4504439
Сёння
Учора
За тыдзень
Мінулы тыдзень
За месяц
Мінулы месяц
Усяго
520
1315
6108
4477932
32431
71005
4504439
Your IP: 18.205.96.39
Server Time: 2019-11-13 02:22:16
Счетчик joomla

Нашы сябры

 mkby3

kkbb

rvby

3

  Copyright © 2019 Парафія Маці Божай Бялыніцкай г. Горкі  Усе правы абаронены.