^Наверх

Сінод 2021-2023

Пятница, 21 Январь 2022 14:37

Што такое сінадальнасць?

Автор 
Оцените материал
(0 голосов)

«Сінод» — старажытнае і шанаванае слова ў Касцёле, сэнс якога абапіраецца на самыя глыбокія пытанні Адкрыцця […] Ён паказвае шлях, па якім разам ідзе Божы народ. У роўнай ступені ён звяртаецца да Пана Езуса, які называе сябе «дарогай, праўдай і жыццём» (Ян 14, 6), а таксама да таго, што хрысціяне, Яго паслядоўнікі, першапачаткова называліся «паслядоўнікамі Шляху» (пар. Дзеі 9, 2; 19, 9.23; 22, 4; 24, 14.22).

Перш за ўсё, сінадальнасць абазначае асаблівы стыль, які вызначае жыццё і місію Касцёла, выяўляючы яго прыроду як Божага народа, які падарожнічае разам і збіраецца на сход, скліканы Панам Езусам у моцы Святога Духа, каб абвяшчаць Евангелле. Сінадальнасць павінна выяўляцца ў звычайным ладзе жыцця і дзейнасці Касцёла.

У гэтым сэнсе сінадальнасць дазваляе ўсяму Божаму народу ісці наперад разам, слухаючы Святога Духа і Божае Слова, прымаць удзел у місіі Касцёла ў супольнасці, якую Хрыстус устанаўлівае паміж намі. У рэшце рэшт, гэты шлях сумеснай дарогі — самы эфектыўны спосаб выявіць і ўвасобіць у жыццё прыроду Касцёла як місіянерскага Божага народа, які пілігрымуе (PD, 1).

Увесь народ Божы падзяляе агульную годнасць і пакліканне праз хрост. Усе мы пакліканы ў сілу свайго хросту быць актыўнымі ўдзельнікамі жыцця Касцёла. У парафіях, невялікіх хрысціянскіх супольнасцях, свецкіх рухах, манаскіх супольнасцях і іншых формах супольнасцяў, жанчыны і мужчыны, моладзь і пажылыя людзі — мы ўсе запрошаныя слухаць адно аднаго, каб пачуць падказкі Святога Духа, які прыходзіць кіраваць нашымі чалавечымі намаганнямі, удыхаючы жыццё і жыццёвую сілу ў Касцёл і ведучы нас да больш глыбокага з’яднання для нашай місіі ў свеце. Калі Касцёл пачынае гэтае сінадальнае падарожжа, мы павінны імкнуцца абапірацца на досвед аўтэнтычнага слухання і распазнавання на шляху станаўлення такога Касцёла, якім Бог заклікае нас быць.

сінадальнасць — гэта не столькі падзея ці лозунг, колькі стыль і спосаб быцця, дзякуючы якому Касцёл перажывае сваю місію ў свеце. Місія Касцёла патрабуе ад усяго Божага народа падарожнічаць разам, прычым кожны член выконвае сваю вырашальную ролю, аб’яднаны з кожным іншым. Сінадальны Касцёл ідзе наперад у супольнасці, каб ажыццяўляць супольную місію праз удзел кожнага яго члена. Мэта гэтага сінадальнага працэсу не заключаецца ў прадстаўленні часовага або аднаразовага досведу сінадальнасці, а хутчэй у тым, каб даць магчымасць усяму Божаму народу разам вызначыць, як рухацца наперад па шляху да больш сінадальнага Касцёла ў доўгатэрміновай перспектыве.

 

Крыніца: ВАДЭМЭКУМ ДЛЯ СІНОДУ НА ТЭМУ СІНАДАЛЬНАСЦІ, с.7-8.

Прочитано 1526 раз Последнее изменение Пятница, 21 Январь 2022 14:46
Другие материалы в этой категории: « Сінод 2021-2023 Якая мэта гэтага сінода? »
  Copyright © 2024 Парафія Маці Божай Бялыніцкай г. Горкі  Усе правы абаронены.